Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскія і нямецкія дэпутаты: Зьбярыце Раду Эўразьвязу наконт Беларусі


Анджэй Галіцкі і Рупрэхт Поленц, кіраўнікі камісіяў замежных справаў у польскім Сэйме і нямецкім Бундэстагу адпаведна, хочуць, каб Рада Эўразьвязу сабралася на адмысловае паседжаньне, прысьвечанае Беларусі.

Галіцкі і Поленц 30 сьнежня падрыхтавалі супольную заяву, у якой сьцьвярджаюць, што падзеі, якія адбыліся пасьля прэзыдэнцкія выбараў у Беларусі 19 сьнежня, засьведчылі "поўную адсутнасьць пашаны для агульных эўрапейскіх прынцыпаў і стандартаў з боку ўраду прэзыдэнта Лукашэнкі", паведамляе польскае прэсавае агенцтва PAP.

Галіцкі і Поленц, якія мяркуюць неўзабаве разаслаць сваю заяву ва ўсе міністэрствы замежных справаў і парлямэнты краінаў Эўразьвязу, просяць склікаць адмысловае пасяджэньне Рады Эўразьвязу "з мэтай абмеркаваць сытуацыю ў Беларусі і зрабіць адпаведныя захады".

У заяве напісана, што Эўразьвяз павінен таксама зьвярнуцца да Расеі, каб "абмеркаваць разьвіцьцё падзеяў у Беларусі з мэтай зрабіць супольныя дзеяньні ў адносінах да прэзыдэнта Лукашэнкі".

У заяве таксама напісана, што "Эўразьвяз павінен падтрымліваць дзеяньні і ініцыятывы арганізацый грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі" і што "грамадзянам Беларусі, якім наўпрост пагражае палітычны перасьлед з боку ўладаў краіны, трэба дазволіць уезд на тэрыторыю Эўразьвязу бяз візы".

Рада Эўразьвязу – другі, акрамя Эўрапарлямэнту, заканадаўчы орган Эўразьвязу. У склад Рады ўваходзяць 27 міністраў краін-сябраў Эўразьвязу ў складзе, які залежыць ад кола абмяркоўваных пытаньняў. У выпадку пытаньняў замежнай палітыкі Рада Эўразьвязу – 27 міністраў замежных справаў – зьяўляецца адзіным органам Эўразьвязу, надзеленым паўнамоцтвамі прымаць рашэньні па гэтых пытаньнях.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG