Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У журналісткі «Белсату» правялі ператрус на кватэры


Супрацоўнікі КДБ ўвечары 30 сьнежня правялі ператрус у кватэры, якую здымае супрацоўніца польскага тэлеканалу «Белсат» Кацярына Ткачэнка.

Забралі ноўтбук і сім-карту, паведамляе сайт каналу. Супрацоўнікі КДБ «шукалі рэчы, якія могуць быць зьвязаныя з арганізацыяй дэманстрацыі 19 сьнежня».

За некалькі гадзінаў да ператрусу, які пачаўся а 20:30, Ткачэнку выклікалі на 31 сьнежня ў КДБ. Журналістка адмовілася прыйсьці без афіцыйнай позвы і заявіла, што будзе з адвакатам. Пасьля гэтага ў ейную кватэру «ўламіліся супрацоўнікі КДБ і правялі ператрус».

Паводле слоў падпалкоўніка, які «кіраваў апэрацыяй», ператрус праведзены ў зьвязку з тым, што кватэра, у якой знаходзіўся менскі офіс тэлеканалу, належыць былому кандыдату ў прэзыдэнты Аляксею Міхалевічу, якога падазраюць у арганізацыі масавых беспарадкаў.

Уначы 26 сьнежня невядомыя праніклі ў кватэру, арандаваную «Белсатам» у Міхалевіа. Уваходныя дзьверы былі выразаныя «пілой-балгаркай». У кватэры нікога не было, а тэхніка вывезеная. У памяшканьні была толькі друкарская машынка «Рэмінгтон» саракагадовай даўніны.

У часе акцыі апазыцыі была затрымана, а пасьля арыштаваная на 10 сутак карэспандэнтка «Белсату» Тацяна Бублікава. У СІЗА Менскага раёну яна аб’явіла галадоўку, паведамляе БелаПАН.
XS
SM
MD
LG