Лінкі ўнівэрсальнага доступу

30 сьнежня ў Менску разьвітваліся з Тацянай Сапач, беларускай паэткай, журналісткай, аўтаркай “Свабоды”. 27 сьнежня Тацяна загінула ў аўтакатастрофе ў Літве пад Алітусам. Трагедыя здарылася, калі Тацяна са сваім мужам Сяргеем Дубаўцом вярталіся ў Вільню з Польшчы ад дачкі Адэлі, якая 22 сьнежня нарадзіла ім ўнучку.

У сераду з Тацянай Сапач разьвітваліся ў Вільні, дзе яе сям'я жыве амаль 20 гадоў. Сёньня, 30 сьнежня, у апошні шлях яе праваджалі ў Менску. З разьвітальным словам выступае намесьнік старшыні Беларускага Саюзу пісьменьнікаў, сябра і аднакурснік Тацяны Барыс Пятровіч:

"Я ня ведаю... Я проста ў роспачы... Такое няшчасьце, такое гора для нас усіх. Жыць ды жыць, працаваць ды працаваць, пісаць ды пісаць. Таня была надзвычай сьветлым чалавекам, жыцьцярадасным, заўсёды знаходзіла словы, каб падтрымаць кожнага. Яна была цудоўным паэтам. Прабач, Таня... Застануцца з намі твае вершы, твае песьні. Застанешся з намі ты назаўсёды. Мы будзем вечна памятаць пра цябе. Пухам зямля табе беларуская..."

Журналістка Тацяна Мельнічук разам з Тацянай Сапач у 1980-я гады працавала на радыёстанцыі "Беларуская маладзёжная". Тацяна Сапач рабіла аўтарскую праграму "Альбаросіка":

"У Тані быў ня проста журналісцкі талент, гэта быў чалавечы талент любіць людзей і вельмі многае людзям дараваць. У кожнага з нас вельмі кароткая зямная сьцяжына. Можа здарыцца так, што неспадзявана гэтая сьцяжына абрываецца. Проста Таня вам сказала б зараз: " Любіце людзей, любіце адзін аднаго, шануйце". Бывай, Танечка. І даруй, калі што ня так..."

Згадвае пісьменьнік Ўладзімер Арлоў:

"У нашых размовах з Тацянай я называў яе жартам "ветранай жанчынай". Зараз яна сама стане ветрам. Няхай гэта будзе лагодны беларускі ветрык".

Распавядае віленскі фотамастак Дзяніс Раманюк:

"10 дзён назад Тацяна патэлефанавала мне, каб выказаць спачуваньне ў сувязі са сьмерцю маёй маці. Яна была вельмі радасная, сказала, што ў іх нарадзілася ўнучка, што яны едуць да яе ў адведкі, што яна стала бабуляй Таняй. І прагучала, мабыць, прароцтва нейкае. Яна сказала: "бачыш, Дзёнечка, нехта сыходзіць, а нехта прыходзіць..."

Адпяваньне прайшло ў царкве Сьвята-Елісавецінскага манастыра, што на Паўночных могілках. Тацяне Сапач было толькі 48 гадоў.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG