Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутатка Бундэстагу ад партыі зялёных Марылюізэ Бэк, якая днямі наведала Менск, зрабіла сёньня ў Бэрліне наступную заяву:

«Падзеі ў Беларусі выклікаюць самыя дрэнныя ўспаміны аб савецкіх рэпрэсіях супраць крытыкаў рэжыму. Зьвестак пра драматычныя падзеі пранікае па-за межы Беларусі надзвычай мала, нягледзячы на тое, што краіна зьяўляецца ўдзельніцай АБСЭ і знаходзіцца ў непасрэднай блізкасьці ад ЭЗ»

Як адзначае дэпутатка Бундэстагу, арышты нязгодных з рэжымам людзей працягваюцца «нават празь дзесяць дзён пасьля жорсткага разгону мірных дэманстрацый супраць фальсыфікацый на прэзыдэнцкіх выбарах 19 сьнежня». Выглядае, што «Лукашэнка вырашыў адпомсьціць ня толькі лідэрам апазыцыі, але таксама і незалежным журналістам», якія асьвятлялі падзеі.

Заклапочанасьць нямецкай парлямэнтаркі зьвязаная таксама зь лёсам і здароўем тых, хто цяпер знаходзіцца ў СІЗА КДБ. У гэтых пытаньнях па-ранейшаму няма аніякай пэўнасьці. Андрэй Саньнікаў, Уладзімер Някляеў, Мікалай Статкевіч былі брутальна зьбітыя падчас іх затрыманьня спэцслужбамі. Існуе небясьпека, што Саньнікаў і Някляеў атрымалі цяжкія траўмы галавы. Ім неабходная неадкладная мэдычная дапамога, якая ва ўмовах КДБ застаецца пад пытаньнем. Спатканьні са сваякамі і блізкімі для ўсіх арыштаваных застаюцца немагчымымі.

Акрамя таго, уладамі робяцца спробы адлучыць ад бацькоў трохгадовага сына кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава і вядомай журналісткі Ірыны Халіп, якім, згодна з абвінавачаньнем, пагражае да 15 гадоў турэмнага зьняволеньня, гаворыцца ў заяве нямецкай дэпутаткі ад партыі зялёных Марылюізэ Бэк.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG