Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура папярэдзіла Ўладзіслава Стараверава


Уладзіслаў Старавераў
Уладзіслаў Старавераў
Віцебскі журналіст атрымаў афіцыйнае папярэджаньне з абласной пракуратуры пра недапушчальнасьць супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі.

У лісьце з пракуратуры за подпісам намесьніка пракурора Віцебскай вобласьці згаданы той выпадак затрыманьня Ўладзіслава Стараверава, калі ён здымаў на відэа Ўладзімера Правальскага, які меў намер удзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах.

«8.11.2010 Вы здымалі на прафэсыйную відэакамеру зь лягатыпам „Белсат“ (польскага канала тэлебачаньня), — гаворыцца ў афіцыйным папярэджаньні. — Ніякіх зьвестак пра акрэдытацыю Вас як журналіста „Белсат“ на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь няма».

Уладзіслава Стараверава папярэдзілі пра недапушчальнасьць парушэньня Закону аб сродках масавай інфармацыі і верагоднае пакараньне штрафам ад 20 да 50 базавых велічыняў паводле артыкула 22.9 Кодэксу аб адміністрацыйных парушэньнях, калі наступным разам віна журналіста будзе даказаная.

Афіцыйнае папярэджаньне Ўладзіслаў Старавераў атрымаў па пошце. 10 сьнежня незалежнага журналіста выклікалі на гутарку ў пракуратуру, але ён адмовіўся ісьці туды без адваката.

Падзеі 8 лістапада былі шырока асьветлены ў інтэрнэце: Уладзімер Правальскі, на вачох у якога адбывалася затрыманьне журналіста, і сам Уладзіслаў Старавераў выклалі ў сеціва відэаролікі, дзе відаць, як міліцыянт Сяргей Казлоў правакаваў спадара Стараверава на бойку, патрабуючы выключыць відэакамеру.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG