Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску пачаў працу Камітэт міжнароднага кантролю за сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі.

Утварыць яго пастанавіла кааліцыя няўрадавых арганізацый краін АБСЭ 27 сьнежня 2010 года.

"Падставай для гэтага паслужылі бесьперапынныя паведамленьні пра грубыя і сыстэматычныя парушэньні правоў чалавека ў поствыбарнай Беларусі; у тым ліку — права на свабоду ад катаваньняў, бесчалавечнага і зьневажальнага для чалавечай годнасьці абыходжаньня, на справядлівы і бесстароньні суд, свабоду сходаў, асацыяцый, свабоду выказваньня думкі".

Цяпер у Камітэт уваходзіць каля 30 міжнародных арганізацый, сярод іх: Міжнародная грамадзянская ініцыятыва для АБСЭ (ICI OSCE), Маскоўская Хэльсынкская група — МХГ (Расія), Міжнародная сетка "Свабода, законнасьць і правы ў Эўропе" (FLARE), Міжнародны моладзевы праваабарончы рух (МПД).

Прынята прынцыповае рашэньне, што беларускія арганізацыі ня будуць уваходзіць у склад Камітэту. Як заявіў экспэрт Маскоўскай Хельсынскай групы Андрэй Юроў, у гэтым праяўляецца імкненьне захаваць нэўтралітэт місіі ў адносінах да палітычнай сытуацыі.

Камітэт зоймецца маніторынгам і кантролем выкананьня фундамэнтальных правоў чалавека, становішча праваабаронцаў і праваабарончых арганізацый у краіне. Будзе арганізавана назіраньне як за дзейнасьцю ўладаў у выпадку парушэньня імі правоў чалавека, так і за магчымымі дзеяньнямі радыкальных грамадзкіх груп, якія могуць стварыць пагрозы іх выкананьню.

Таксама Камітэт будзе выпрацоўваць рэкамэндацыі, як нармалізаваць сытуацыю ў краіне і прывесьці яе ў дакладную адпаведнасьць з унутранымі нормамі і міжнароднымі абавязаньнямі, узятымі на сябе ўрадам Беларусі, для нацыянальных органаў улады і наднацыянальных структураў", — паведамляецца ў прэсавым рэлізе арганізацыі.

Для працы на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь Камітэт сфармаваў доўгатэрміновую Міжнародную назіральную місію, куды ўваходзяць супрацоўнікі праваабарончых арганізацый з розных краін прасторы АБСЭ, міжнародных арганізацый, а таксама незалежныя экспэрты.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG