Лінкі ўнівэрсальнага доступу

К.Гершман: Для ахвяраў сусьветных тыранаў няма сьвята


Карл Гершман

Карл Гершман

Артыкул пад такой назвай апублікаваў у Washington Post прэзыдэнт амэрыканскага Нацыянальнага фонду ў падтрымку дэмакратыі Карл Гершман. Ён піша пра тое, як аўтарытарныя рэжымы прымяркоўваюць свае рэпрэсіўныя крокі да калядных сьвятаў. Прапануем вам пераклад публікацыі.

Вашынгтон і іншыя сталіцы ўпадаюць у сьвяточную сьпячку, многія чыноўнікі сыходзяць у адпачынак, а ўстановы працуюць у скарочаным рэжыме. Гэты час – зручны для аўтарытарных рэжымаў, каб рабіць рэпрэсіўныя крокі, бо гэта будзе бачыць менш людзей. Савецкі Саюз уварваўся ў Аўганістан на Каляды 1979 году. На леташнія Каляды ў Кітаі асудзілі на 11 гадоў зьняволеньня Лю Сяобо, які сёлета быў уганараваны Нобэлеўскай прэміяй міру.

Гэты калядны сэзон таксама поўны правакацыйных дзеяньняў, адносна якіх аўтакраты спадзяюцца, што яны пройдуць незаўважанымі.

Новы прысуд бізнэсоўцу-дысыдэнту Міхаілу Хадаркоўскаму меўся быць абвешчаны 15 сьнежня, аднак абнародаваньне вэрдыкту было перанесенае на 27 сьнежня, на думку некаторых – каб не ўскладняць ратыфікацыю Сэнатам ЗША новай дамовы START. Магчыма, былі іншыя прычыны, але пасьля абвяшчэньня прысуду маці падсуднага Марына Хадаркоўская заявіла, што затрымка з абвяшчэньнем была “спробай пазьбегнуць увагі грамадзкасьці”. “Занадта шмат людзей зацікаўленыя ў гэтай справе. Улады так звычайна робяць” – сказала яна.

У суседняй Беларусі рэжым Аляксандра Лукашэнкі здушыў дэмакратычную апазыцыю з такой жорсткасьцю, якой Эўропа ня бачыла з часоў увядзеньня ваеннага становішча ў Польшчы ў 1981 годзе.

“Моцны чалавек” Вэнэсуэлы, прэзыдэнт Уга Чавэс скарыстаў сьвяточныя дні, каб выдаць указ аб сваіх дадатковых паўнамоцтвах на наступныя 18 месяцаў і правесьці праз парлямэнт законы аб кантролі над Інтэрнэтам, тэлекамунікацыямі і няўрадавымі арганізацыямі. Ён назваў гэтае здушэньне свабоды “выбітным днём дэмакратыі”.

Гэтыя аўтакраты бачаць неабходнасьць у тым, каб хаваць свае рэпрэсіўныя захады ў сьвяточным зацішку. Яны клапоцяцца аб міжнароднай рэакцыі менавіта таму, што асьцерагаюцца, што гэта можа заахвоціць унутраных праціўнікаў кінуць выклік іх уладзе.

Прысуд Хадаркоўскаму, безумоўна, дазволіў Уладзімеру Пуціну паказаць, што рэальную ўладу ў Расеі мае ён, а не прэзыдэнт Дзьмітры Мядзьведзеў, які перасьцерагаў супраць "прававога нігілізму". Але Пуцін таксама страціў падтрымку шматлікіх расейскіх палітычных элітаў, якія баяцца, што вяртаньне Пуціна на пасаду прэзыдэнта зачыніць перад Расеяй дзьверы ў сучаснасьць і стане пэрыядам брэжнеўскай стагнацыі і далейшага эканамічнага і сацыяльнага распаду.

Лукашэнка сваёй расправай з дэманстрантамі імкнуўся перакрэсьліць сапраўдныя вынікі галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах 19 сьнежня. Паводле большасьці аналітыкаў і назіральнікаў, ён не атрымаў перамогі ў першым туры. Яго заява, што больш ня будзе "бязглуздай дэмакратыі”, ёсьць фактычна прызнаньне таго, што ён баяўся зьневажальнага для яго другога туру і рызыкі паразы на выбарах. Яго нядоўгая гульня з дэмакратычнай Эўропай скончылася, але больш моцна зьвязваючы сябе з Расеяй, ён будзе толькі паглыбляць народную незадаволенасьць.

Зьніжэньне падтрымкі Чавэсу было прадэманстраванае сёлета ў верасьні, калі на парлямэнцкіх выбарах яго партыя страціла шмат месцаў. Дадатковыя паўнамоцтвы дазваляюць яму кіраваць, не зважаючы на парлямэнт, дзе апазыцыя мае 40% месцаў, але прычыны зьніжэньня ягонай папулярнасьці застаюцца нявырашанымі. Гэта – павелічэньне беднасьці, рост інфляцыі, катастрафічны ўсплёск злачыннасьці і распаўсюджанае меркаваньне, што ягонае кіраваньне шкоднае і абразьлівае для краіны. На прэзыдэнцкіх выбарах у 2012 годзе падтрымка апазыцыі, магчыма, яшчэ больш узрасьце.

Эфэктыўны адказ на гэтыя рэпрэсіі мусіць быць на парадку дня прэзыдэнта і лідэраў Кангрэсу, калі яны вернуцца ў Вашынгтон. Адміністрацыя належным чынам скрытыкавала прысуд Хадаркоўскаму, але абурэньне ад гэтага прысуду, вынесенага па сфабрыкаваных абвінавачаньнях, які некаторыя прадстаўнікі адміністрацыі называлі “чырвонай лініяй”, вымагае больш моцнага адказу – такога, як адмова ў выдачы візаў асобам, адказным за перасьлед Хадаркоўскага і замарожваньне іх замежных рахункаў.

Па Беларусі адміністрацыя можа выступіць з жорсткім адказам разам з Эўрапейскім зьвязам. Міністры замежных справаў чатырох дзяржаваў- сябраў ЭЗ на мінулым тыдні заявілі, што Эўропа "ня будзе абыякавай да грубых парушэньняў" правоў чалавека і дэмакратыі "ў сваёй частцы сьвету".

Нарэшце, скандальным было маўчаньне наконт падзеяў у Вэнэсуэле Арганізацыі амэрыканскіх дзяржаў (ААД) і яе генэральнага сакратара Хасэ Мігеля Інсульсы. Новая старшыня камітэту па міжнародных справах палаты прадстаўнікоў Ілеана Рос-Лехцінен заявіла, што ААД “засталася ўбаку ад бітвы паміж тыраніяй і дэмакратыяй”. Адміністрацыя павінна працаваць з Арганізацыяй амэрыканскіх дзяржаваў, каб прымусіць яе дзейнічаць рашуча ў адпаведнасьці з яе дэмакратычным статутам.

Аўтакраты, якія выкарыстоўваюць калядны сэзон для ўзмацненьня жорсткасьці сваёй улады, павінны атрымаць навагодняе паведамленьне, што за імі сочаць і што іх злоўжываньні сустрэнуць жорсткі адказ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG