Лінкі ўнівэрсальнага доступу

28 сьнежня ў беларускіх уладных структурах адбыліся істотныя кадравыя перастаноўкі. Аляксандар Лукашэнка прызначыў Міхаіла Мясьніковіча прэм’ер-міністрам Беларусі замест Сяргея Сідорскага, які склаў свае паўнамоцтвы ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй РБ. Разам зь Сідорскім страцілі свае пасады Натальля Пяткевіч, Аляксандар Зімоўскі, Зянон Ломаць. Сваімі развагамі на кадратрус дзеляцца палітолягі, аналітыкі, эканамісты.

Б.Жаліба: Па-сапраўднаму новых постацяў я ня бачу

"З аднаго боку, гэты чалавек мае вялікі досьвед працы ў розных установах, у тым ліку ва ўрадзе, у Адміністрацыі прэзыдэнта. Але, з другога боку, яму ўжо 60 гадоў. І я чакаў, што калі будуць мяняць Сідорскага, то на чалавека маладога, энэргічнага, пэрспэктыўнага. Можа, той жа Румас падышоў бы болей. Можа, той жа Сямашка".


Л.Марголін: Гэта — перадавікі сацыялістычнай вытворчасьці

«Гэта тыя людзі, якія адпачылі некалькі год. Можа, страцілі за гэты час карупцыйныя сувязі, калі яны ў іх былі. І цяпер яны са сьвежымі сіламі возьмуцца за эканоміку. Але я не чакаю ад іх нічога супэррынкавага. Бо здаецца мне, што гэта своеасаблівыя перадавікі сацыялістычнай вытворчасьці. Самі па сабе яны, можа, і нядрэнныя людзі. Але няма ў іх ніякіх дасягненьняў ні ў рынкавай тэорыі, ні ў рынкавай практыцы».

У.Мацкевіч: Вельмі вузкая лава запасных ва ўрадзе

"Вельмі вузкая лава запасных ва ўрадзе. Кадравы патэнцыял вычарпаны. Таму і адбываецца тасаваньне калоды — перасаджваньне людзей з адных вялікіх пасадаў на іншыя. І толькі літаральна некалькі людзей больш-менш высунутыя зьнізу. Калода вычарпана. І будзе вельмі складана з гэтым новым складам вырашаць задачы, якія стаяць перад краінаю".


А.Класкоўскі: “У гэтай абойме усе патроны аднаго калібру”


"У намэнклятурным космасе гэта сапраўды як выбухі пратубэранцаў. І адпаведнае кола людзей будзе гэта доўга абмяркоўваць, для іх гэта заслоніць падзеі Плошчы, чым жыве і хварэе грамадзянская супольнасьць. А па сутнасьці для грамадзтва, для пэрспэктываў краіны гэта нуль. гэта бура ў шклянцы вады".


Лукашэнка памяняў несапраўднага банкіра на заслужанага артыста

Культуроляг Алег Анціпенка ў сувязі з адстаўкай Зімоўскага зазначыў, што ў прынцыпе замена вышэйшых чыноўнікаў справа пазытыўная: “Зімоўскі быў прадстаўніком жорсткай прапагандысцкай лініі, ён сам сябе называў тэарэтыкам і заснавальнікам “ахраніцельнай” журналістыкі. Гэта журналіст, які паведамляе толькі адну праўду – праўду ўлады або праўду сілы. Таму адстаўка Зімоўскага – гэта пэўны сымптом".

П.Марцаў: Стаўка на Мясьніковіча – сьведчаньне магчымых рэформаў

"У сувязі з вынікамі апошніх выбараў і з агульнай тэндэнцыяй, зьвязанай з тым, што Беларусь будзе абавязаная выконваць дамовы з Расеяй, я думаю, што будуць ісьці паўнамаштабныя эканамічныя рэформы. Ці я нават назваў бы іх, можа быць, нават не рэформамі, бо ніводнай праграмы мы ня бачылі, але будзе адназначна праводзіцца прыватызацыя, будуць пададзеныя пэўныя эканамічныя свабоды, бо па-просту няма іншага выйсьця ў Лукашэнкі".

С.Калінкіна: Мясьніковіч схільны шукаць кампрамісы

"Сапраўды, ёсьць непатапляльныя людзі. У 1994 годзе Міхаіл Мясьніковіч быў менавіта тым чыноўнікам, якога Аляксандар Лукашэнка абяцаў пасадзіць на нары ў ліку першых. Але як мы бачым Мясьніковіч то прыходзіць, то сыходзіць, і відавочна, што зараз спатрэбіліся сувязі Міхаіла Мясьніковіча ўнутры чынавенства, з другога боку – ягоныя сувязі з расейскімі калегамі, з трэцяга боку – яго здольнасьць гандлявацца..."

Чыгір: цяперашні кірунак наўрад ці памяняецца

"Самастойнасьці ў беларускага ўраду не было і, я думаю, што ня будзе. Свае погляды ў Аляксандра Рыгоравіча ёсьць і іх пакуль што нікому не ўдалося зьмяніць. Мясьніковіч вопытны чалавек. Ён працу ўрада добра ведае. Працаваў у адміністрацыі, працаваў пры мне віцэ-прэм'ерам. Ён добра ведае працу ўраду, але ж гэта не асноўнае на сёньняшні дзень".


Багданкевіч: Гэта старая калода, якую ён перакідвае

"Чаму ж Лукашэнка вярнуў ва ўрад Мясьніковіча? Бо ў яго няма людзей, няма кадраў у рэзэрве. Гэта старая калода, якую ён перакідвае з аднаго на іншае месца. І гэта чалавек, які даказваў сваю адданасьць. Калі Марыніч, надта блізкі да Мясьніковіча таварыш, некалі хацеў ісьці ў прэзыдэнты, ён не падтрымаў яго, застаўся ў камандзе дзейнага прэзыдэнта".


Заіка: Сідорскі надта доўга знаходзіўся ў абдымках Пуціна

"Практычна, пры ўзьнікненьні крызіснай сытуацыі ў Беларусі, часова выконваючым абавязкі кіраўніка краіны па канстытуцыі зьяўляецца прэм’ер-міністар. Сідорскі надта доўга знаходзіўся ў абдымках Пуціна. Таму Лукашэнка вырашыў прыбраць такога дастаткова для яго непрыемнага прэм’ера, які можа аказацца ў патрэбны момант прыхільнікам Пуціна".


Прэм’ер-міністрам прызначаны Міхаіл Мясьніковіч

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG