Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ільля Богдан: Было шмат з выбітымі зубамі, са зламанымі рукамі


Госьць "Начной Свабоды" – 23-гадовы Ільля Богдан, сябар партыі БНФ, былы намесьнік старшыні “Моладзі БНФ". 29 сьнежня ён выйшаў на свабоду з турмы на Акрэсьціна ў Менску. Ільля быў затрыманы каля Дому Ўраду адным зь першых – ён трапіў у тую групу, якая была адсечаная спэцназам ад асноўнай масы дэманстрантаў.

Абламейка: Ільля, раней, паведамлялася, што людзей моцна білі ў аўтазаках. Як з вамі абыходзіліся ў аўтазаку?

Богдан: Білі яшчэ да таго, як пасадзілі ў аўтазакі. Людзей білі дубінкамі, і білі даволі моцна. Калі сядалі ў аўтазак, са сьпінаў амапаўцы таксама штурхалі не рукамі, а дубінкамі. Таму беглі ўсе, прыкрываючы галаву рукамі. У аўтазаку было шмат людзей, і магчыма, зьбівалі тых, якія былі аднымі з апошніх, бо набіты ён быў цалкам, а яны штурхалі да апошняга. каб як мага больш людзей разьмясьцілася ў ім.

Абламейка: Дзе вас судзілі, і хто выступаў сьведкамі?

Богдан: У Фрунзенскім судзе Менску. А пра сьведкаў я даведаўся падчас судовага працэсу, бо тыя прозьвішчы былі пазначаныя ў пратаколе, а саміх іх не было. Судзьдзя знаёмілася толькі з паперамі. Вядома, што гэта былі некалькі амапаўцаў, якіх мы бачылі падчас свайго знаходжаньня ў ізалятары ў новым будынку на Акрэсьціна. Гэта былі 3-4 чалавекі. якія пісалі пратаколы сьведчаньняў для, напэўна, 50 асобаў.

Абламейка: Мы паведамлялі раней, што на Акрэсьціна былі вязьні з выбітымі зубамі, са зламанымі рукамі. Ці сустракаліся вы з такімі выпадкамі ў турме на Акрэсьціна?

Богдан: Так, сустракаліся. Такіх людзей было шмат. Было шмат хлопцаў з разьбітымі галовамі, людзі былі цалкам у крыві. Быў чалавек, які казаў, што ён – пісьменьнік, і што ён мае шмат чытачоў. Ён прасіў выклікаць хуткую дапамогу, а міліцыянты адмаўляліся. Пры гэтым у чалавека была зламаная рука і выбітыя зубы. Бачыў чалавека са зламанымі рукамі, які трымаўся, нібыта нічога няма. Мужны чалавек. Яго рукі былі схаваныя ў кішэнях. Калі на маю просьбу ён іх дастаў, яны былі сінія, далонь выглядала як нешта вельмі вялікае.

Абламейка: Якія былі ўмовы ўтрыманьня на Акрэсьціна, як да вас ставіўся пэрсанал турмы:

Богдан: Я ня першы раз на Акрэсьціна, але на дзіва зьвярталіся даволі добра. Зьмяніўся штат міліцыянтаў. Была ў нас размова з кіраўніком акрэсьцінскага цэнтру ізаляцыі. Даволі разумны чалавек, які адказваў на ўсе пытаньні наконт прагулак, якія нам мусяць даваць. Распавядаў вядомую мне гісторыю пра дворык, які ніяк не дабудуюць, які ніхто ня хоча рабіць, таму няма дзе гуляць. Стаўленьне міліцыянтаў там было не параўнаць са стаўленьнем міліцыянтаў падчас нашай перавозкі з плошчы. Калі да нас ставіліся не як да людзей. У аўтазаку адзін хлопец сказаў нешта, што не спадабалася амапаўцу, і калі выходзілі з машыны, амапавец стаў яго біць каленам, рукамі, па галаве... выглядала брутальна.

Абламейка: Ці ведалі вы ў турме, што ў Беларусі ўзьнялася вялікая хваля салідарнасьці? Як часта вы атрымлівалі перадачы?

Богдан: Мы гэта адчувалі. Пасыпаліся перадачы адна за адной. Калі палічыць іх колькасьць, то Напэўна кожны дзень кожны чалавек атрымліваў па перадачы. Я атрымаў дзьве ці тры перадачы ад людзей, якіх я ня ведаю. Гэта нечакана, гэта прыемна, я вельмі за гэта ўдзячны, ад гэтага разумееш, што тыя людзі, якія можа баяліся выйсьці на плошчу, рабілі ўсё магчымае, каб падтрымаць нас.

Слухаць гутарку цалкам:

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG