Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацыянальны сход Беларусі нарэшце ратыфікаваў пагадненьні з трыма краінамі Эўразьвязу, Польшчай, Латвіяй ды Літвою, пра ўзаемныя паездкі жыхароў памежных раёнаў. Апошні з гэтых дакумэнтаў, зь Літвою, быў ратыфікаваны толькі тыдзень таму, 22 сьнежня. Аднак ці азначае гэта, што беларусам, якія жывуць на адлегласьці 30 кілямэтраў ад дзяржаўнай мяжы, ужо неўзабаве будзе значна прасьцей езьдзіць да суседзяў?

Тым, хто жыве на памежных тэрыторыях, візавыя палёгкі абяцаюць ужо больш за два гады. Каб пагадненьні змаглі запрацаваць, ратыфікацыі іх толькі парлямэнтам недастаткова. Дакумэнты абавязкова павінны падпісаць яшчэ і прэзыдэнт. Аднак нават ягоны подпіс не гарантуе, што пагадненьні пачнуць дзейнічаць, кажа міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі.

Раман Якаўлеўскі
Ён спасылаецца на прыклад ратыфікацыі беларуска-ўкраінскага пагадненьня аб дэмаркацыі дзяржаўнай мяжы. Украінскі бок усе працэдуры выканаў яшчэ шмат год таму. Лукашэнка цягнуў да сёлетняга лета. Нарэшце і ён падпісаў ратыфікацыйныя граматы. Але да Кіева яны дагэтуль так і не дайшлі, гаворыць Раман Якаўлеўскі:

«Да гэтага часу ў Кіеве ня могуць убачыць гэтыя ратыфікацыйныя граматы. А бязь іх дакумэнт не працуе».

Раман Якаўлеўскі яшчэ два з паловай месяцы таму ў інтэрвію «Свабодзе» прагназаваў, што да завяршэньня прэзыдэнцкіх выбараў аніякіх больш-менш вольных перамяшчэньняў грамадзянаў Беларусі афіцыйны Менск не дапусьціць. Намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Валеры Варанецкі, калі выступаў у Палаце прадстаўнікоў, выказаў меркаваньне, што рэальна працэс спрошчанага перасячэньня мяжы можа пачацца з красавіка 2011 году. Ці падзяляе гэты прагноз спадар Якаўлеўскі?

«Я вельмі хацеў бы пагадзіцца з намесьнікам міністра. Але ўся непрадказальнасьць беларускай палітыкі ня можа гарантаваць, што пагадненьні запрацуюць у красавіку».

У дачыненьнях зь Літвою ў памежную зону трапляюць Горадня і Ліда. На памежных тэрыторыях з Польшчай знаходзяцца Горадня, Берасьце, Жабінка, Пружаны і Маларыта. У сьпіс населеных пунктаў, на якія распаўсюджваецца пагадненьне з Латвіяй, уваходзяць Браслаў, Верхнядзьвінск, Мёры, мястэчка Відзы.

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Валянціна Лузіна зьвяртае ўвагу на тое, што такія пагадненьні — гэта ня толькі паляпшэньне міжчалавечых стасункаў людзей, якія жывуць паабапал мяжы:

«Афармленьне ўдзелу Беларусі ў гэтых пагадненьнях будзе садзейнічаць рашэньню такіх важных задач як забесьпячэньне супольных эканамічных, сацыяльных ды гуманітарных пытаньняў насельніцтва. Гэта таксама актывізацыя памежнага супрацоўніцтва ў дыялёгу культур на рэгіянальным роўні, захаваньне культурнай разнастайнасьці і, безумоўна, вельмі актуальная праблема — разьвіцьцё турызму».

Спрошчанае перамяшчэньне мае свае прывабныя рысы. Улады абяцаюць, што атрымаць адмысловыя блянкі дазволу будзе лягчэй за візу. Тэрмін дзеяньня новага дакумэнту — ад аднаго да пяці гадоў. І каштаваць ён будзе ўтрая таней за шэнгенскую візу — 20 эўра. А вось знаходзіцца на другім баку мяжы можна гэтаксама доўга, як і з шэнгенскай візай — да 90 дзён за паўгода. І толькі выяжджаць далей за памежную зону забаронена.

Валеры Варанецкі
Намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Валеры Варанецкі лічыць, што ў гэтых пагадненьняў, акрамя станоўчых, могуць быць і адмоўныя наступствы:

«Напрыклад, павелічэньне чэргаў у пунктах пропуску, актывізацыя чаўночнага гандлю таварамі, на якія існуе розьніца ў цане, ды іншыя. У сувязі з гэтым дзяржаўныя органы Беларусі цяпер выконваюць комплекс мер, якія скіраваныя на мінімізацыю магчымых адмоўных наступстваў рэалізацыі гэтых міжнародных пагадненьняў. У тым ліку і вызначэньне правілаў выдачы дазволаў, збору і апрацоўкі дадзеных, якія зьвязаныя зь іх выдачай».

Дацэнт Інстытуту міжнародных дачыненьняў ва ўнівэрсытэце Вільні Томас Янелюнас кажа: падобныя праблемы існуюць і зь літоўскага боку. Але ў Вільні такое пагадненьне разглядаюць найперш як магчымасьць для жыхароў Беларусі наведаць ня толькі суседнюю Літву, але і на яе прыкладзе ўбачыць, як жыве Эўразьвяз:

«То бок, гэта права на перамяшчэньне як адно з асноўных правоў грамадзян, зьяўляецца сымбалічным жэстам. Асабліва для палітыкаў Літвы. А для простых грамадзян, я думаю, таксама ёсьць эканамічныя матывы і аргумэнты для наведваньня Беларусі. Той жа чаўночны бізнэс, я думаю, можа адбывацца з абодвух бакоў. Гэта зыходзячы з таго, што цэны на бэнзын і некаторыя іншыя тавары ў Беларусі намнога меншыя».

Алесь Лагвінец
Беларускі палітоляг Алесь Лагвінец называе сам факт ратыфікацыі пагадненьняў «вельмі станоўчым»:

«Але, зь іншага боку, усё гэта магло было быць зроблена даўным-даўно. Патрэбна было беларускім уладам праяўляць больш волі. У прынцыпе, калі б яны вельмі хацелі, яны маглі ўжо дамагчыся і зьніжэньня кошту шэнгенскіх віз для ўласнага народу»

Паміж Літоўскай і Беларускай чыгункамі дасягнутая дамоўленасьць аб арганізацыі хуткаснага цягніка, які будзе курсіраваць паміж сталіцамі дзьвюх краін. Рэалізацыя гэтага супольнага праекту мае завяршыцца ў 2013 годзе. Паездка на хуткасным цягніку зойме 2 гадзіны. Мытны і памежны кантроль будзе адбывацца не на мяжы, а падчас пасадкі і высадкі ў Менску і ў Вільні.
XS
SM
MD
LG