Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дранько-Майсюк: Някляеў — ня проста прозьвішча, а знак, сымбаль, стыль паводзін


Леанід Дранько-Майсюк

Леанід Дранько-Майсюк

Сёньня —10 дзён са дня затрыманьня паэта, лідэра грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімера Някляева і яшчэ соцень людзей, якія пацярпелі пасьля масавай акцыі 19 сьнежня.

Калега Някляева, паэт Леанід Дранько-Майсюк: «28 сьнежня пасьля амаль дзесяцідзённай невядомасьці я даведаўся, што Ўладзімер Някляеў жывы. Гэта навіна мяне ўзрушыла і ўсьцешыла. І ня толькі мяне аднаго! Бо ня толькі ў нас у Беларусі, але і ва ўсім сьвеце ўзрадаваліся сотні і сотні тысяч прыхільнікаў Уладзімера Някляева.

Мая колішняя кніжка „Паэтаграфічны раман“ пачынаецца словамі: „Някляеў — ня проста прозьвішча, а знак, сымбаль, калі хочаце, стыль паводзін“. Гэтак я пісаў 16 год назад. А што магу дадаць да гэтых слоў? Хіба што паўтарыць іх. Так, Някляеў — знак, сымбаль, стыль паводзін. А яшчэ Някляеў — гэта мужнасьць, моц, грамадзянская сьмеласьць.

У характары Някляева няма жоўці, баязьлівасьці, зайздрасьці, помсьлівасьці. У яго ў характары жыве рызыкоўнасьць. І ў Беларусі гэта пісьменьнік нумар адзін. Ён склаў дзівосныя паэмы „Палянэз“ і „Ложак для пчалы“, напісаў неверагодны раман „Лабух“ і трывалую кнігу прозы „Цэнтар Эўропы“, стварыў невераемную драму „Армагедон“. А той, хто чытаў яго апошнюю кнігу „Кон“, зразумее мяне: гэта кніга вартая Нобэлеўскай прэміі. Сваёй творчасьцю і грамадзкімі ўчынкамі Някляеў паказаў, што Беларусь — нацыя мужных людзей».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG