Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Урад перадавікоў сацыялістычнай вытворчасьці»


Чаго можна чакаць ад новага кіраўніцтва беларускага ўраду? Ці будуць Міхаіл Мясьніковіч і ягоныя намесьнікі праводзіць рынкавыя рэформы?

Жаліба: Па-сапраўднаму новых постацяў я ня бачу


Барыс Жаліба
Доктар навук, прафэсар Барыс Жаліба кажа, што для яго сталася нечаканасьцю прызначэньне прэм’ерам Міхаіла Мясьніковіча:

«З аднаго боку, гэты чалавек мае вялікі досьвед працы ў розных установах, у тым ліку ва ўрадзе, у Адміністрацыі прэзыдэнта. Але, з другога боку, яму ўжо 60 гадоў. І я чакаў, што калі будуць мяняць Сідорскага, то на чалавека маладога, энэргічнага, пэрспэктыўнага. Можа, той жа Румас падышоў бы болей. Можа, той жа Сямашка.

Ну, а пакуль можна казаць, што гэта проста перавод людзей з адных пасад на іншыя. Па-сапраўднаму новых постацяў, новых твараў я ня бачу. І гэта для мяне не было нечаканым».

Марголін: Гэта — перадавікі сацыялістычнай вытворчасьці


Леў Марголін
Эканаміст Леў Марголін пра новае кіраўніцтва ўраду выказваецца так:

«Гэта тыя людзі, якія адпачылі некалькі год. Можа, страцілі за гэты час карупцыйныя сувязі, калі яны ў іх былі. І цяпер яны са сьвежымі сіламі возьмуцца за эканоміку. Але я не чакаю ад іх нічога супэррынкавага. Бо здаецца мне, што гэта своеасаблівыя перадавікі сацыялістычнай вытворчасьці. Самі па сабе яны, можа, і нядрэнныя людзі. Але няма ў іх ніякіх дасягненьняў ні ў рынкавай тэорыі, ні ў рынкавай практыцы».

Мацкевіч: Вельмі вузкая лава запасных ва ўрадзе


Уладзімер Мацкевіч
Улада ў пошуках кадраў ня хоча выходзіць за межы пэўнага кола, адзначае палітоляг Уладзімер Мацкевіч:

«Вельмі вузкая лава запасных ва ўрадзе. Кадравы патэнцыял вычарпаны. Таму і адбываецца тасаваньне калоды — перасаджваньне людзей з адных вялікіх пасадаў на іншыя. І толькі літаральна некалькі людзей больш-менш высунутыя зьнізу. Калода вычарпана. І будзе вельмі складана з гэтым новым складам вырашаць задачы, якія стаяць перад краінаю».

Другая праблема, на думку палітоляга, гэта — вяртаньне Мясьніковіча:

«Ну, канечне, яго ніяк немагчыма назваць лібэралам ці яскравым рыначнікам. Так, ён прымае эканамічную рынкавую рэчаіснасьць. Але гэта таму, што ён больш-менш разумны чалавек у гэтым сэнсе.

І ў яго будзе адноўленая, пакрытая глянцам палітэканомія сацыялізму. Зь невялічкімі рынкавымі ўводзінамі».
XS
SM
MD
LG