Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Атака на незалежныя СМІ: ператрусы, запалохваньні, канфіскацыі


Ператрус ў "Нашай ніве", 28 сьнежня 2010

Ператрус ў "Нашай ніве", 28 сьнежня 2010

У рэдакцыі незалежнай газэты "Наша ніва" ўвечары 28 сьнежня адбыўся ператрус, падчас якога былі сканфіскаваныя кампутары і іншая рэдакцыйная тэхніка. На сьвята Раства Хрыстовага, 25 сьнежня, ператрусы былі праведзеныя таксама ў рэдакцыі "Эўрарадыё" і незалежнага тэлеканалу "Белсат". У "Эўрарадыё" забралі шмат тэхнікі. Тым ня менш, нягледзячы на абмежаваныя магчымасьці, незалежныя СМІ працягваюць працу.

У рэдакцыі незалежнай газэты "Наша ніва" сканфіскаваныя 12 кампутараў. Супрацоўнікі сілавых структур патлумачылі гэта дасьледаваньнем справы аб зьнявазе дзяржаўнай сымболікі, што, нібыта, мела месца падчас акцыі 19 сьнежня, калі нехта з маніфэстантаў сарваў чырвона-зялёны сьцяг з будынка КДБ. Зараз, маўляў, вядзецца пошук адпаведных фота- і відэаматэрыялаў, паведаміў рэдактар газэты Андрэй Скурко:

"Магчыма, што дзесьці быў сарваны дзяржаўны сьцяг і гэта сталася падставай для таго, каб канфіскаваць кампутары ў рэдакцыі "Нашай Нівы". Нібыта зараз шукаюць фота- і відэапацьверджаньні гэтаму факту. Яны абяцалі вярнуць кампутары пасьля дасьледаваньня, але калі гэта будзе — невядома. Паводле графіку наступны нумар газэты выйдзе пасьля Новага году, 5 студзеня, і мы спадзяемся, што да таго часу адновім працу рэдакцыі ў поўнай меры. А што тычыцца інтэрнэту, то тым ён і каштоўны, што інтэрнэт-сайтам можна займацца зь любой кропкі, не абавязкова быць лякалізаваным у рэдакцыйным памяшканьні. Галоўнае, каб быў кампутар і доступ у інтэрнэт".

Як паведаміў Андрэй Скурко, ператрус таксама адбыўся ў яго дома. Быў сканфіскаваны ягоны асабісты кампутар. Хатнія ператрусы журналістаў "Эўрарадыё" абмінулі, але ў рэдакцыі прадстаўнікі спэцслужбаў сканфіскавалі кампутары, сыстэмныя блёкі, дыктафоны, фотаапараты, відэакамэры і нават мабільныя тэлефоны. Усё гэта адбывалася пры поўнай адсутнасьці супрацоўнікаў радыё, паведаміў намесьнік рэдактара Віталь Зыблюк:

"Ператрус праходзіў бяз нашай прысутнасьці і нават без прысутнасьці ўладальнікаў будынка, дзе арандаванае нашае памяшканьне. Як паведамілі вахцёры, ім паказалі пастанову аб ператрусе і запыталіся, ці ёсьць ключы, каб не ламаць дзьвярэй. Ключы знайшліся, дзьверы былі адчыненыя, з памяшканьня ўсё канфіскавалі. Я даведаўся пра гэта выпадкова, адразу прыехаў і ўжо пабачыў толькі, як выносяць тэхніку. Мне ніхто нічога не патлумачыў, і толькі прадстаўнік ЖРЭА, які быў панятым, даў мне копію пратаколу ператрусу і пратаколу аб канфіскацыі. Але рэдакцыя працуе, хоць і ў такім незвычайным рэжыме. Да таго ж у нас галоўны офіс знаходзіцца ў Варшаве. Праца ў нас ускладненая, але не паралізаваная".

Карпункт "Эўрарадыё" ў Менску працуе зь лістапада 2009 году. Сёлета Міністэрства замежных спраў Беларусі паўторна выдала "Эўрарадыё" акрэдытацыю на адзін год — да 10 лістапада 2011 году.

Рэдакцыя тэлеканалу "Белсат", якая трансьлюе беларускія тэлепраграмы таксама з тэрыторыі Польшчы, ад ператрусу пацярпела менш за іншых: улады Беларусі не далі дазволу на афіцыйнае адкрыцьцё карпункту і на легальную працу журналістаў. Таму рэдакцыйны калектыў рыхтаваўся да візыту спэцслужбаў загадзя, кажа адзін з прадстаўнікоў "Белсату" Міхаіл Янчук:

"У зьвязку з нашым статусам мы ведалі, што нам не дазволяць працаваць спакойна. Мы ведалі, дакладней, здагадваліся, што ў нас будзе ператрус, і зьехалі з офісу адразу пасьля выбараў. У нашых людзей не было ператрусаў па хатах, а толькі ў пустым офісе рэдакцыі: выламалі дзьверы пустога памяшканьня, дзе мы пакінулі старую даламаную друкарку з надпісам "Special for you" і сьцяжком "Белсату". Гэта ўся тэхніка, якая ім дасталася з нашага боку. У нас яна раскіданая па людзях. І таму нават калі б прыйшлі да ўсіх, нашая праца працягвалася б. І зараз запісваюцца новыя матэрыялы ў Менску і будуць запісвацца. Тэхналёгіі на нашым баку, і сёньня задушыць незалежную прэсу, нават калі гэта тэлеканал, нашмат цяжэй, чым дзесяць год таму".

Сыстэмныя ператрусы і канфіскацыю тэхнікі ў рэдакцыях незалежных беларускіх мэдыяў і дамах журналістаў камэнтуе юрыст грамадзкай арганізацыі "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Андрэй Бастунец:

"Мы ўжо зьвярталіся ў пракуратуру і МУС з заявамі пра недапушчальнасьць парушэньняў законнасьці ў краіне. І зараз мы будзем рыхтаваць скаргі паводле нашых запытаў і падзей, якія адбыліся".

Як паведаміў Андрэй Бастунец, Міністэрства юстыцыі на скаргу БАЖ адрэагавала заявай, што грамадзкая арганізацыя журналістаў, маўляў, мае бараніць сяброў сваёй арганізацыі, а не свабоду слова ў Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG