Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амаль штодня сьледчы ізалятар Камітэту дзяржбясьпекі папаўняецца новымі падазраванымі, нібыта датычнымі да арганізацыі масавых беспарадкаў у дзень прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня. Да ранейшых 25 затрыманых, сярод якіх пяць экс-кандыдатаў у прэзыдэнты, кіраўнікі іхніх выбарчых штабоў, моладзевыя лідэры і журналісты, дадаўся дэмакратычны актывіст Андрэй Федаркевіч, які адбываў 10-суткавы арышт у Жодзінскай турме.

Першыя абвінавачаньні па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Менску могуць быць прад'яўленыя ўвечары 29 сьнежня. Асноўнымі фігурантамі па-ранейшаму застаюцца сем кандыдатаў у прэзыдэнты, два зь якіх — Рыгор Кастусёў і Дзьмітрый Вус — знаходзяцца на волі пад падпіскай аб нявыезьдзе.

Тамара Сідарэнка, адвакатка зьбітага і затрыманага яшчэ да пачатку акцыі 19 сьнежня лідэра кампаніі "Гавары праўду!" Ўладзімера Някляева, расказала, што па справе падабароннага яе ўжо выклікалі ў КДБ:

"У прынцыпе, рашэньне можа быць агалошанае сёньня-заўтра, бо, прынамсі, сёньня я іду ў КДБ а 17-й гадзіне на выклік сьледчага. Магчыма, гэта якраз і будзе абвінавачаньне. Але ня факт, што ўсё гэта хутка скончыцца…".

Чакаюць вэрдыкту сьледзтва і іншыя падазраваныя. Некаторыя зь іх, як экс-кандыдат у прэзыдэнты Мікола Статкевіч і старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, на знак нязгоды з брутальным затрыманьнем удзельнікаў акцыі вось ужо 10 дзён трымаюць галадоўку. Гаворыць Сьвятлана Лябедзька, жонка Анатоля Лябедзькі:

"У нас усё па-ранейшаму. Прынамсі, са слоў адваката, ён дагэтуль трымае галадоўку. Што тычыцца таго, калі яму маюць вынесьці абвінавачаньне, то з адвакатам я буду зьвязвацца ў другой палове дня, таму ніякай пэўнасьці пакуль няма".

Павал Сапёлка
Павал Сапёлка, абаронца лідэра грамадзянскай кампаніі "Эўрапейская Беларусь" Андрэя Саньнікава, лічыць, што лёс экс-кандыдатаў у прэзыдэнты і тых падазраваных, у якіх сканчаецца 10-дзённы тэрмін папярэдняга затрыманьня ў сьледчым ізалятары КДБ, павінен вырашыцца сёньня:

"Калі неяк увогуле разважаць пра заўтрашні дзень, то да гэтага іх павінны вызваліць. То бок — сёньня. Калі, вядома, зацікаўленыя асобы не жадаюць, каб людзі і надалей заставаліся ў сьледчым ізалятары".

Жонка Аляксея Міхалевіча Мілана, як і іншыя сваякі затрыманых, пакуль у поўным няведаньні наконт пэрспэктываў мужа, арыштаванага ў ноч на 20 сьнежня:

"Адвакат зь ім не сустракаўся — з таго, што я ведаю. Сястра зараз стаіць ля КДБ, спрабуе перадачу перадаць, чакае, пакуль яе там правераць. Таму неакрэсьленасьць поўная".

28 сьнежня суд Цэнтральнага раёну Менску не задаволіў скаргу на зьмену меры ўтрыманьня для сустаршыні партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя" Віталя Рымашэўскага. Паводле адваката Алега Працэнкі, вырашана пакінуць экс-кандыдата ў СІЗА з прычыны важнасьці крымінальнай справы і пагрозы таго, што ён можа схавацца ад сьледзтва. Да чаго схіліцца сьледзтва пасьля таго, як у ноч з 29 на 30 сьнежня скончацца 10 сутак ад моманту затрыманьня Рымашэўскага ды іншых палітыкаў? Бо пасьля гэтага іх трэба альбо вызваліць, альбо прад'явіць абвінавачаньне.

За адным зь беларускіх фігурантаў у справе аб падзеях 19 сьнежня пільна сочаць у Расеі. У Маскве была зладжаная акцыя салідарнасьці з арыштаванай карэспандэнткай расейскай "Новой газеты" Ірынай Халіп; журналісцкія арганізацыі распаўсюдзілі зварот да беларускіх уладаў з патрабаваньнем тэрміновага яе вызваленьня. А палітычны аглядальнік Дзьмітрый Быкаў зьвярнуўся да кіраўніцтва Беларусі з заклікам убачыць у Ірыне Халіп прынамсі маці:

Ірына Халіп
"Для мяне зараз асабліва прынцыповая сытуацыя з Ірынай Халіп, карэспандэнткай "Новой газеты". Вядома, што яе трохгадовага сына зьбіраюцца проста забраць пад дзяржаўную апеку. Такое пры Сталіне нават не было нормай, усё ж пакідалі часам дзяцей сваякам. А тут ёсьць бабуля, дзядуля, а хлопчыка ўсё роўна хочуць забраць. І калі такое раптам здарыцца, то не ўяўляю, як можна будзе з гэтай дзяржавай каму б там ні было мець цывілізаваныя адносіны. Гэта ж горш за любы сталінізм! Я ўжо не кажу пра тое, што і сама Ірына, шчыра кажучы, да арганізацыі гэтых "беспарадкаў" ні сном, ні духам. А ўся яе віна ў тым, што яна жонка аднаго з кандыдатаў".

Няма пэўнасьці і ў дачыненьні да іншых палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў, якія чакаюць абвінавачаньня ці зьняцьця падазрэньняў у СІЗА КДБ. Адвакатаў да бальшыні не пускаюць, іх фізычны і маральны стан невядомы нават сваякам. Не рэагуюць беларускія ўлады і на просьбы ўраду Расеі датэрмінова вызваліць затрыманых 19 сьнежня расейскіх грамадзянаў. Трое выйдуць з турмаў пасьля адбыцьця 10-суткавага арышту сёньня, але яшчэ восем, якім прысудзілі 15 сутак, застануцца ў Беларусі да наступнага году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG