Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У рэдакцыі "Нашай нівы" і яе галоўнага рэдактара канфіскаваныя сыстэмныя блёкі кампутараў, ноўтбукі, дыскі, флэшкі. Ператрэсьлі літаральна ўсё: і паперы, і адзеньне.

У галоўнага рэдактара газэты "Наша ніва" Андрэя Скурко канфіскаваныя сыстэмны блёк кампутара і ноўтбук. Ператрус у кватэры журналіста працягваўся больш за тры гадзіны і скончыўся за паўгадзіны да паўночы, паведаміў БелаПАН шэф-рэдактар выданьня Андрэй Дынько.

"Ператрус праводзілі тры супрацоўнікі КДБ. Паводзілі сябе карэктна. Ператрэсьлі літаральна ўсё: паперы, адзеньне", — сказаў Дынько.

Вечарам 28 сьнежня адбыўся таксама ператрус на офісе Беларускага ПЭН-цэнтру, дзе разьмяшчаецца рэдакцыя газэты "Наша ніва". Канфіскавана 12 сыстэмных блёкаў, дыскі, флэшкі. Ператрус быў праведзены ўвечары 28 сьнежня, ён працягваўся больш за тры гадзіны.

Па словах Дынько, пералік канфіскаванага трохі растлумачвае матывы ператрусу.

"Супрацоўнікаў камітэту цікавілі відэаматэрыялы аб падзеях у Менску 19 сьнежня. У прыватнасьці — момант, калі з будынка КДБ здымаюць чырвона-зялёны сьцяг і вешаюць бел-чырвона-белы. Магчыма, акрамя крымінальнай справы аб масавых беспарадках, існуе яшчэ адна, па артыкуле аб зьдзеку над дзяржаўнымі сымбалямі", — лічыць Дынько.

"Мы пастараемся, каб чарговы нумар газэты выйшаў у тэрмін, 5 студзеня. Зрабіць гэта будзе цяжка: страты вялікія. Будзем зьвяртацца па дапамогу да калегаў, да беларускіх і міжнародных журналісцкіх аб'яднаньняў", — заявіў Дынько.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG