Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Госьця Начной Свабоды – блогерка Тацяна Елавая, нік у ЖЖ – “змагарка”. Гэта яна на мінулым тыдні выклала ў інтэрнэт радыёперахопы размоваў спэцслужбаў на пляцы Незалежнасьці ў Менску 19 сьнежня. Цяпер Тацяна займаецца ідэнтыфікацыяй правакатараў, што білі шыбы ў Доме Ўраду.

Абламейка: Мы ведаем, што вам былі перададзеныя гукавыя запісы, радыёперахопаў размоваў спэцслужбаў на пляцы Незалежнасьці. Хто вам іх перадаў і чаму менавіта вам?

Елавая: Са мной праз інтэрнэт зьвязаўся абсалютна незнаёмы чалавек і на ўмовах строгай канфідэнцыйнасьці перадаў аўдыёзапіс. Ён паведаміў, што матэрыял зьвязаны з Плошчай, і пасьля ён зьнік. Празь некаторы час я атрымала яшчэ некалькі запісаў, таксама на ўмовах поўнай ананімнасьці ад ужо іншага чалавека. Чаму перадалі мне? Я думаю, што гэта не выпадковасьць. Таму што пачынаючы ад 19 сьнежня я займаюся зборам і распаўсюджаньнем у інтэрнэт-прасторы інфармацыі аб тых падзеях, якія адбыліся 19 сьнежня ў Менску. Разам са сваімі калегамі я шукаю і разьмяшчаю ў сваім ЖЖ-дзёньніку доказы правакацыяў, што адбыліся на плошчы.

Абламейка: Наколькі я ведаю, вы ня ўсё апублікавалі. Раскажыце падрабязна пра зьмест усіх запісаў, якія вы маеце?

Елавая: Гэта перамовы беларускіх сілавых службаў: КДБ, МУС, унутраныя войскі, ахова прэзыдэнта ды іншыя, якіх мы яшчэ ня здолелі ідэнтыфікаваць. Гэта перамовы, што вяліся ўвечары на Плошчы незалежнасьці і на Кастрычніцкай плошчы 19 сьнежня. Некаторыя падразьдзяленьні карысталіся шыфраванай сувязьзю, таму поўнай карціны ў нас няма. Але самае важнае, што гэтыя запісы служаць доказам таго, што апазыцыя ня мела ніякіх плянаў адносна штурму дому ўраду, што ўлады загадзя рыхтавалі спэцапэрацыю, і што штурм быў на 100% правакацыяй спэцслужбаў. Важна яшчэ і тое, што на Плошчы дзейнічаў цэлы шэраг разнастайных сілавых структураў, якія не каардынаваліся паміж сабою.

Абламейка: Тацяна, ці адна вы гэтым займаецеся? Або ёсьць яшчэ нехта іншы, хто робіць тую ж справу?

Елавая: Зразумела, што я працую не адна. Таму што гэта вялічэзны аб'ём працы. Мне дапамагаюць іншыя людзі, у тым ліку адмыслоўцы па аўдыёмантажу. Усё што тычыцца камунікацыяў спэцслужбаў, у нашай краіне патрапляе пад грыф асаблівай сакрэтнасьці. Адпаведна, за распаўсюджаньне такой інфармацыі прадугледжаная крымінальная адказнасьць. Таму людзі, якія над гэтым працуюць, моцна рызыкуюць.

Абламейка: Вы цяпер займаецеся толькі радыёперахопамі, або і аналізам відэа- і фота сьведчаньняў прысутнасьці правакатараў на ганку Дому Ўраду?

Елавая: Таксама і гэтым. Наша мэта – выкрыць правакатараў. У маім дзёньніку ёсьць дасье на кожнага. Мэта ў тым, каб падаць на іх заяву ў суд, у міліцыю, каб шукалі канкрэтных людзей, вінаватых у тым, што адбылося. Каб адпусьцілі невінаватых людзей з турмы.

Абламейка: Тацяна, як вы лічыце, ці ўдасца некалі ідэнтыфікаваць усіх правакатараў?

Елавая: Хацелася б. Але да зьмены ўлады ў Беларусі гэта абсалютна нерэальна. Гэтыя правакатары маглі быць набраныя з Расеі ці з Украіны, і мы ўвогуле пра іх не даведаемся.

Слухаць гутарку цалкам:

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG