Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праз 30 гадоў у філярмоніі зноў прагучала паэзія


28 сьнежня ў вялікай залі Беларускай дзяржаўная філярмоніі адбылася вечарына, прысьвечаная 75-годзьдзю Рыгора Барадуліна.

Так здарылася, што ў дзень 75-годзьдзя 24 лютага дзядзька Рыгор знаходзіўся ў шпіталі. І на вечарыне яго, на жаль, таксама не было – праблемы са здароўем. Але ў філярмоніі не было квіткоў. Заля была перапоўненая. Людзі йшлі з кветкамі. Прагучалі аўдыёзапісы звароту Рыгора Барадуліна, а таксама чытаньне ім вершаў. Пры гэтым уся заля ўстала.

Атрымалася вельмі прыгожая, цёплая і шчырая вечарына. Тут выступалі арганіст Канстанцін Шараў, камэрны хор, народны ансабль танцу. Вельмі цёпла ўзгадаў Барадуліна Анатоль Бутэвіч, які заўважыў, што ў 70-я гады ў філярмоніі гучалі паэтычныя словы, а пасьля гадоў 30 гэтага не было, і праз 30 гадоў зноў прагучала паэзія.

Самым кульмінацыйным момантам стала прэм'ера дакумэнтальнага фільму Аляксандра Матафонава "Як па сухому". Фільм доўжыцца амаль гадзіну, у ім шмат дакумэнтальных кадраў, дзе і Васіль Быкаў, і Алесь Адамовіч, і маладыя Бураўкін і Законьнікаў.

Пытаньне да Аляксандра Матафонава: "Каля Барадуліна заўсёды моладзь. Чым ён прыцягвае? Чым дзядзька Рыгор так вабіць моладзь?

Матафонаў: "Я думаю, што ён вабіць моладзь сваёй мудрасьцю, сваім жыцьцёвым досьведам і, вядома ж, сваімі цудоўнымі вершамі. Ягоная кніжка павінна быць у сям'і кожнага беларуса".

Завяршаючы вечарыну, ксёндз-магістар, пробашч парафіі сьвятога Сымона і сьвятой Алены Ўладзіслаў Завальнюк прэзэнтаваў падарунак Барадуліну – мэдалі "Любім, шануем, ганарымся". Як заўважыў айцец Уладзіслаў, мяняюцца сыстэмы, мяняюцца ідэалёгіі, культуры, а слова паэтычнае жыве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG