Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка памяняў несапраўднага банкіра на заслужанага артыста


Аляксандар Лукашэнка ў шэрагу сваіх сёньняшніх прызначэньняў зрабіў адну важную замену ў ідэалягічнай галіне сваёй вэртыкалі: ён замяніў кіраўніка Беларускай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Аляксандра Зімоўскага на актора Генадзя Давыдзьку.

Цікава, што шматгадовы рупар дзейнага рэжыму Аляксандар Зімоўскі займаў высокія пасады ў лукашэнкаўскай вэртыкалі без вышэйшай адукацыі. Ён скончыў толькі тры курсы факультэта ваеннай журналістыкі Львоўскага ваенна-палітычнага вучылішча. І толькі ў 2007 годзе ён атрымаў дыплём факультэта банкаўскай справы правінцыйнага Палескага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Хаця банкірам ён так і ня стаў.

Старшынём Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі Зімоўскі быў прызначаны у 2005 годзе, да гэтага ён быў намесьнікам старшыні, у 2004 годзе быў прызначаны па квоце А. Лукашэнкі членам Савета Рэспублікі – удзельнічаў у працы камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах, але як парлямэнтарыя яго ніхто не ўспрымаў.

Зімоўскі заўжды горача і безапэляцыйна падтрымліваў палітыку Лукашэнкі, гэтым ён праславіўся яшчэ з часоў ягонай праграмы “Рэзананс”. У 2006 годзе Зімоўскаму быў забаронены ўезд у ЗША і краіны Эўразьвязу.

Культуроляг Алег Анціпенка ў сувязі з адстаўкай Зімоўскага зазначыў, што ў прынцыпе замена вышэйшых чыноўнікаў справа пазытыўная:

“Зімоўскі быў прадстаўніком жорсткай прапагандысцкай лініі, ён сам сябе называў тэарэтыкам і заснавальнікам “ахраніцельнай” журналістыкі. Гэта журналіст, які паведамляе толькі адну праўду – праўду ўлады або праўду сілы. Таму адстаўка Зімоўскага – гэта пэўны сымптом. Я б не сказаў, што зараз на БТ пачнецца лібэралізацыя і мы пабачым нейкія зрухі ў бок больш аб’ектыўнай падачы інфармацыі. З другога боку прызачэньне Давыдзькі – гэта невялікі крок на тым шляху прызначэньняў, першым у якім быў міністар культуры Павал Латушка. Трэба чакаць, што ў дадзеным выпадку на БТ будзе больш беларускамоўных праграм. Па-трэцяе, трэба зназначыць, што Зімоўскі неяк падаваўся бастыёнам, які нельга разбурыць. І таму ягоная адстаўка выклікае пазытыўную рэакцыю”.

Паводле спадара Анціпенкі, Давыдзька саступае Зімоўскаму ў зацятасьці, выглядае болышым лібэралам, і тое, што зрабіў Зімоўскі ў галіне афіцыйнай прапаганды, – для Давыдзькі проста недасягальнае.

Экспэрт у галіне тэлебачаньня Леанід Міндлін згадаў, што Лукашэнка называў Зімоўскага сярод тых, хто яму ніколі не здраджваў і быў да апошняга яму верным. Але усё ж адстаўкі Зімоўскага чакалі. Спадар Міндлін зьвяртае ўвагу на тое, што Зімоўскі не прыйшоў на прэсавую канфэрэнцыю Лукашэнкі 20 сьнежня, а пазьней браў удзел у перадачы НТВ аб выбарах у Беларусі.

“Але думаю, што яму не прыйдзецца ўцякаць зь Беларусі, пра што яго пытаў у перадачы на НТВ Павал Селін, магчыма ён будзе амбасадарам, магчыма кімсьці яшчэ, але застанецца ў абойме. Што да Давыдзькі, то як актор і дырэктар тэатру ён быў добры, а як ідэалягічны працаўнік ён будзе ніякі”.

Леанід Міндлін зьвярнуў увагу і на тое, што сказаў Давыдзька пасьля 19-га сьнежня ў эфіры АНТ:

“Звычайна людзі спачуваюць тым, каго б’юць і саджаюць. У Давыдзькі гэтага не было”.

Генадзь Давыдзька скончыў Далёкаўсходні пэдагагічны інстытут мастацтваў, Беларускую акадэмію мастацтваў.

Працаваў артыстам у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы, быў генэральным дырэктарам дзяржаўнай установы "Нацыянальны акадэмічны тэатар імя Янкі Купалы ". Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь.

Абіраўся дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь трэцяга скліканьня. Зьяўляецца старшынёй асацыяцыі грамадзкіх аб'яднаньняў "Беларуская канфэдэрацыя творчых саюзаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG