Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Свой погляд на прызначэньне Міхаіла Мясьніковіча прапануе Сьвятлана Калінкіна, шэф-рэдактар газэты "Народная воля".

Калінкіна: Сапраўды, ёсьць непатапляльныя людзі. У 1994 годзе Міхаіл Мясьніковіч быў менавіта тым чыноўнікам, якога Аляксандар Лукашэнка абяцаў пасадзіць на нары ў ліку першых. Але як мы бачым Мясьніковіч то прыходзіць, то сыходзіць, і відавочна, што зараз спатрэбіліся сувязі Міхаіла Мясьніковіча ўнутры чынавенства, з другога боку – ягоныя сувязі з расейскімі калегамі, з трэцяга боку – яго здольнасьць гандлявацца, бо зараз наступае этап падзелу беларускай прамысловасьці. Усё гэта, відаць, і паспрыяла таму, што прэм'ерам стаў Мясьніковіч.

Дракахруст: На ваш погляд, у якой ступені Мясьніковіч спрацуецца з кланамі сілавікоў вакол Лукашэнкі?

Калінкіна: Наколькі я разумею, Мясьніковіч зь імі навучыўся дамаўляцца. Сілавікі – я маю на ўвазе новую каманду – людзі актыўныя, зь вялікімі амбіцыямі, але нявопытныя. Таму Мясьніковіч стане супрацьвагай ім. Хаця нават бліжэйшыя сябры Мясьніковіча траплялі пад непрыемныя крымінальныя справы, напрыклад, вядомы навукоўца Цімашпольскі , зьвязаны з БМЗ, быў вымушаны зьехаць зь Беларусі.

Я думаю, што Мясьніковіч мае вопыт дачыненьняў з гэтай маладой камандай і будзе шукаць зь імі агульную мову, а магчыма наагул амаль не перасякацца.

Дракахруст: Пры ўсёй умоўнасьці падзелу на "галубоў" і "ястрабаў" у беларускім кіраўніцтве, да якой групоўкі належыць Мясьніковіч? І ці панясуць "галубы" страты ў сувязі з палітычнымі "замаразкамі", пра што хадзілі ўпартыя чуткі?

Калінкіна: Я б ўсё ж аднесла Мясьніковіча да "галубоў", ён больш схільны шукаць кампрамісы, чым весьці вайну на зьнішчэньне. Наколькі я бачу, нельга сказаць, што нейкі клан перамог, застаўся на сваёй пасадзе кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімер Макей, хаця нават блізкія да яго людзі чакалі, што ён сыйдзе на МЗС. Але пакуль ён застаўся.

З другога боку Натальля Пяткевіч, якую ўмоўна адносілі да "галубоў" (вельмі памылкова, на мой погляд), страціла сваю пасаду.

Гэтыя кадравыя зьмены – хутчэй аслабленьне “ястрабаў” у атачэньні Лукашэнкі.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG