Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усіх заклапочаных палітыкай людзей (а палітызацыя грамадзтва цяпер вельмі вялікая) цікавіць простае пытаньне: колькі насамрэч галасоў набраў на выбарах Лукашэнка? І адказу на яго няма. Бо адключаныя ўсе незалежныя мэханізмы выяўленьня грамадзкай думкі. Не было перад выбарамі сацыялягічных апытаньняў, якія б выклікалі давер і не былі элемэнтам вайны сродкамі сацыялёгіі. Не было незалежных экзыт-полаў, якія б праводзіліся па ўсіх правілах. У Менску на некаторых участках назіральнікі дамагліся справядлівага падліку галасоў тых выбаршчыкаў, якія галасавалі 19 сьнежня. Там Лукашэнка набраў каля 35%. Ці можна, кіруючыся гэтым паказьнікам, убачыць электаральную карціну хоць бы па ўсёй сталіцы, ня кажучы ўжо пра краіну? Відаць, не.

Гэтае адключэньне мэханізмаў выяўленьня грамадзкай думкі выклікана ня толькі перашкодамі з боку ўлады (напрыклад, разгром кампаніі “Новак”). Сытуацыя вельмі паказальная ў пляне цікавасьці да беларускіх выбараў з боку замежных палітычных суб’ектаў. Раней такога не было. Падчас важных электаральных кампаній заўсёды знаходзіліся грошы для сацыялягічных апытаньняў. Цяпер і Захад, і Ўсход паставілі на Лукашэнку, таму што насамрэч адбываецца ў краіне, мала каго цікавіла. Але гэта іншае пытаньне.

Цяпер жа мы канстатуем, што і палітыкам, і экспэртам даводзіцца рабіць высновы ўсьляпую. Вось адбылася вулічная акцыя апазыцыі зь біцьцём дзьвярэй у Доме ўраду, яе крывавы разгон міліцэйскім спэцназам. Як на гэта прарэагавала грамадзтва? На чый бок схіляецца грамадзкая думка? У якой прапорцыі раскалолася насельніцтва? Ці адабрае радыкальныя дзеяньні апазыцыі дэмакратычны электарат? На ўсе гэтыя пытаньні няма адказу. Даводзіцца рабіць высновы па нейкіх ускосных прыкметах.

Напрыклад, нябачная раней хваля салідарнасьці з арыштаванымі, збор сродкаў у іх падтрымку сьведчаць пра тое, што двайная несправядлівасьць уладаў абурыла грамадзтва. Па-першае, абвешчаныя 80% галасоў на карысьць Лукашэнкі і 1-2% за яго канкурэнтаў былі яўным пераборам. Асабліва на тле адносна свабоднай, актыўнай і плюралістычнай выбарчай кампаніі. Людзі памяталі, як стаялі шэрагі жадаючых падпісацца за апазыцыйных кандыдатаў, у сем’ях і працоўных калектывах жыва абмяркоўвалі, за каго галасаваць. Таму нават тая частка насельніцтва, якая зь недаверам ставілася да заяваў апазыцыі аб фальсыфікацыях, была абураная гэтымі несусьветнымі лічбамі Цэнтравыбаркаму.

І тут на абуранае грамадзтва абрынуўся ўжо другі ўдар, амаль фізычны. Ад міліцэйскага спэцназу. Арышт пяці (а спачатку сямі) апазыцыйных кандыдатаў выглядае як помста за факт уступленьне ў канкурэнцыю з дыктатарам. Напрыклад, Някляеў ня быў на Плошчы, ня ўдзельнічаў у тых падзеях, за што яго арыштавалі, выцягнулі з шпіталя. Калі судзіць па інтэрнэце, то ўлада апынулася ў маральнай ізаляцыі.

Але ці ня ёсьць гэта абманам зроку чалавека, які жыве ў інтэрнэце? Магчымая і іншая інтэрпрэтацыя падзей. Напрыклад, такая: улада паказала сілу, і народ яе запаважаў. Бо ў грамадзтве, якое страціла маральныя, каштоўнасныя арыентыры, адзінае, на што зважаюць людзі, гэта на грубую сілу. Глядзіце, колькі фактаў прымусу да датэрміновага галасаваньня было выкінута толькі ў інтэрнэт-прастору. А ці быў хоць адзін прыклад калектыўнага пратэсту? Не. Індывідуальныя былі, а калектыўнага не было.

Яшчэ адзін сымптом. Ніколі раней не было, каб цэлы шэраг знакавых людзей пачалі каяцца. А заява старшыні БСДП (Грамада) Анатоля Ляўковіча (Советская Белоруссия 21.12.10) сьведчыць аб тым, што адна з буйных апазыцыйных партый фактычна памяняла палітычную арыентацыю, перайшла да падтрымкі ўлады. (Ва ўсялякім разе ніякіх пратэстаў з партыйнага асяродзьдзя мы ня чулі). А гэткая падзея адбываецца не часта.

Адзіная бясспрэчная выснова палягае ў тым, што падзеі 19-20 сьнежня моцна раскалолі грамадзтва. Гэты раскол стаў глыбейшы. У краіне адбываецца ціхая, нябачная грамадзянская вайна. Гэта найбольш важны вынік прэзыдэнцкіх выбараў.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG