Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пасьля Плошчы: што рабіць?


У чым прычыны і якімі могуць быць наступствы апошніх драматычных падзеяў у Беларусі? На гэтае пытаньне «Свабоды» адказваюць вядомыя грамадзкія дзеячы, маральныя аўтарытэты беларускага грамадзтва.


Валянцін Акудовіч

Акудовіч: Мы непрыкметна для сябе перасунуліся ў іншы стан


Філёзаф Валянцін Акудовіч кажа, што падзеі 19 сьнежня яшчэ патрабуюць часу, каб іх канцэптуальна асэнсаваць:

«Бо пакуль эмоцыі, эмоцыі і эмоцыі. І ад іх нельга адсланіцца. Бо пачуцьці, якія мы перажываем (крыўды, несправядлівасьці, ганьбы, цэлы суплёт іншых) — гэта такая ж самая праўда, як рэальная падзея. А можа, нават і яшчэ большая праўда. І тое, што падзеі 19 сьнежня спарадзілі шырокі і глыбокі зрух у бок адмоўнасьці гэтага адчуваньня, калі можна так сказаць, сьведчыць пра тое, што яны ў сваёй аснове апынуліся, выявіліся, здарыліся несправядлівымі, крыўдлівымі. З гэтага і ўвесь суплёт, увесь спэктар адмоўных нашых эмоцый».

Філёзаф Акудовіч канстатуе: падзеі 19 сьнежня пераконваюць, што за гады, якія прамінулі ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў, у беларускім грамадзтве сёе-тое зьмянілася:

«Бо нават тое, як глыбока яно перажывае ўсю тую крыўду і няпраўду пра 19 сьнежня, кажа пра нешта істотнае. Я ня памятаю, каб так шырока, так салідарна, так пераадольваючы страх, самыя розныя людзі выступілі ў абарону праўды супраць крыўды. Гэта надае мне аптымізму, як бы ні разгортваліся падзеі.

Гэта азначае, што мы непрыкметна для сябе перасунуліся ў іншы стан. Зразумела, ня ўсе, ня ўся Беларусь. Але гэта ўжо заўважны зрух. У лепшы бок».

Аляксандар Мілінкевіч

Мілінкевіч: 19 сьнежня адкінула Беларусь гадоў на 10 назад


Лідэр руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч шкадуе, што нічым не апраўданыя дзеяньні беларускіх уладаў ставяць заслону для краіны на яе шляху ў эўрапейскую супольнасьць:

«Я думаю, тое, што адбылося 19 сьнежня, адкідае нас гадоў на 10 назад у нашых шанцах на вяртаньне ў эўрапейскую сям’ю, да эўрапейскай цывілізацыі. Я лічу гэтыя падзеі правакацыяй. Не было намеру ў апазыцыі да радыкальных дзеяньняў.

Улады спалохаліся нават маленькай лібэралізацыі. Дарэчы, ніхто і не меркаваў, што ўлада будзе так лёгка ісьці да дэмакратыі. Гэта аўтарытарная, жорсткая ўлада. І яна можа толькі пад прымусам рабіць крокі для свабоды грамадзтва».

Аляксандар Мілінкевіч лічыць: цяпер самае галоўнае — салідарнасьць:

«Я шчыра веру, што толькі салідарнасьць тут, унутры краіны, а таксама салідарнасьць з намі дэмакратычных краінаў можа ўратаваць магчымых новых палітвязьняў. І зноў жа даць нам шанец на жыцьцё ў свабодзе».

Аляксандар Ярашук

Ярашук: Зарадзіўся беларускі супраціў


Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук упэўнены: падзеі 19 сьнежня яскрава паказалі, што іспыт на лібэралізацыю і дэмакратызацыю беларускі рэжым ня здаў:

«Улада яшчэ раз падкрэсьліла сваю антыдэмакратычную сутнасьць з усімі акалічнасьцямі, якія адсюль вынікаюць. Але я лічу, што 20 сьнежня беларускі народ прачнуўся ў іншай краіне. І ня толькі з пункту гледжаньня таго, што ўлада зачышчае дэмакратычную прастору і ўкачвае ў асфальт усю апазыцыю. Я зыходжу з таго, што нараджаецца новая якасьць у беларускім грамадзтве. З майго пункту гледжаньня, гэту якасьць можна назваць адным словам — супраціў. Супраціў зарадзіўся, і ён будзе паглыбляцца. Таму што абсалютная бальшыня людзей, на мой погляд, выйшлі на Плошчу не па закліку кандыдатаў у прэзыдэнты. А таму, што кіраўнік краіны іх ужо дастаў. І тых, хто самі выйшлі на Плошчу. І тых, хто сёньня балюча перажывае за тое, што там адбылося. І будзе фармавацца і паглыбляцца беларускі супраціў, які ў рэшце рэшт і вырашыць праблему ўлады».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG