Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эн Эплбаўм піша ў Washington Post пра абмежаваньні палітычнай і грамадзянскай свабоды, якія практыкуе новы ўрад Вугоршчыны на чале зь Віктарам Орбанам і параўноўвае сытуацыю ў гэтай краіне і ў Беларусі. Прапануем вам тэкст публікацыі зь невялікімі скарачэньнямі.

На мінулым тыдні я пісала аб выніках "выбараў" у Беларусі: ня здолеўшы дасягнуць большасьці, прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка зьбіваў іншых кандыдатаў, арыштоўваў журналістаў і фальсыфікаваў вынікі галасаваньня, каб утрымаць уладу. Пераход Беларусі ад камунізму да дэмакратыі ня толькі не атрымаўся, ён ніколі не адбываўся наагул.

Цяпер я пішу пра вынікі выбараў у Вугоршчыне, краіне, адрознай ад Беларусі амаль ва ўсіх адносінах. Вугоршчына – паўнапраўны сябра НАТО і Эўразьвязу, краіна, дзе функцыянуюць палітычныя партыі, якая мае 20-гадовы досьвед свабодных выбараў. Пераход Вугоршчыны ад камунізму да дэмакратыі меў відавочны посьпех.

Тым ня менш у апошнія некалькі месяцаў Вугоршчына дала Эўропе яшчэ адзін прыклад таго, якой уразьлівай можа быць дэмакратыя - нават у месцы, дзе яна працуе. Калі ў Беларусі праблема зь лідэрам, які не зьяўляецца дастаткова папулярным, каб застацца ва ўладзе бяз гвалту, Вугоршчына мае праблему зь лідэрам, які занадта папулярны і які можа зьмяняць законы сваёй краіны і канстытуцыю, каб утрымліваць уладу безь якога-небудзь гвалту.

Сапраўды, калі аўтары амэрыканскай Канстытуцыі непакоіліся аб "тыраніі большасьці", яны, магчыма, мелі на ўвазе Віктара Орбана, цяперашняга прэм'ер-міністра Вугоршчыны. Орбан не ізгой: ён разумны і спрактыкаваны палітык, у мінулым удзельнік антыкамуністычнага руху, ён ужо быў кіраўніком ураду, а цяпер яго правацэнтрысцкая партыя "Фідэс" кантралюе больш за дзьве траціны вугорскага парлямэнту.

Папярэднія восем гадоў краінай кіраваў адзін з самых некампэтэнтных урадаў у Эўропе. Сацыялісты Вугоршчыны значна павялічылі запазычанасьць, ухіліліся ад рэформаў і хавалі грошы на рахунках у замежных банках. Аднойчы былы прэм'ер-сацыяліст заявіў, што ён ведаў, што ён "хлусіў" выбаршчыкам, і што толькі дзякуючы "наяўнасьці грошай у сусьветнай эканоміцы і сотням фокусаў" трымаў краіну на плаву падчас яго кіраваньня. Калі гэты выступ стаў вядомы грамадзкасьці, у Будапэшце ў красавіку вугорскія выбаршчыкі адмовілі яму ў даверы.

Але перамога была не дастатковай для Орбана, які пачаў помсьціць за гады, што ён ня быў ва ўладзе, журналістам, якія не падтрымлівалі яго, сацыяльным групам, якія не галасавалі за яго, а перш за ўсё – сваім карумпаваным і некампэтэнтным апанэнтам. Пасьля прыходу да ўлады ён сфармаваў раду па зьмене Канстытуцыі, якая павінна пазбавіць шэрагу паўнамоцтваў нацыянальную падліковую палату і Вярхоўны суд краіны. Зусім нядаўна яго парлямэнт прыняў мноства законаў, якія рэгулююць сродкі масавай інфармацыі. Цяжка сказаць, як яны будуць працаваць, улічваючы тое, як цьмяна яны напісаныя, але новая рада па кантролі над СМІ, якая складаецца выключна з асобаў, прызначаных партыяй "Фідэс", зараз мае права накладаць штрафы ў памеры да $ 1 млн. на журналістаў, публікацыі якіх зьяўляюцца "незбалянсаванымі", што б гэта ні азначала.

На раду таксама ўскладзеная задача абароны "чалавечай годнасьці". Закон, здаецца, усталёўвае кантроль ня толькі над нацыянальнымі СМІ, але і над нацыянальным сэгмэнтам Інтэрнэту – задача, якую немагчыма вырашыць у прынцыпе, але якая патрабуе стварэньня маштабнай сыстэмы нагляду і кантролю.

Орбан здаецца абыякавым да замежнай крытыкі гэтых кепскіх законаў, магчыма таму, што ён неаднаразова быў аб’ектам крытыкі ў мінулым. Я была ў Будапэшце ў гэтым месяцы і чула шмат скаргаў на неаб’ектыўны вобраз Вугоршчыны ў міжнародных сродках масавай інфармацыі. Прыхільнікаў “Фідэс” вельмі абурае выкарыстаньне слова “фашызм” для іх характарыстыкі, якое часам ужывае замежны друк.

Я згодная зь імі. Насамрэч рэальная праблема, якую спараджае ўрад Орбана – гэта не фашызм, а яго дэманстратыўная пагарда да “лібэральнай эліты” і “яе СМІ”. Гэта праблема не адной Вугоршчыны. Многія амэрыканскія палітыкі таксама хацелі б пакараць “незбалянсаваную” журналістыку, якая закранае “чалавечую годнасьць”. Мой сябра, які цяпер адхілены ад пасады на вугорскім нацыянальным радыё за выступы супраць новага закону аб СМІ, гаворыць пра сталінісцкую атмасфэру якая пануе на пасяджэньнях рады па СМІ, з тым, зразумела, адрозьненьнем, што цяпер гэта сьмешна, а ня страшна.

Віктар Орбан вырас у аднапартыйнай дзяржаве. Яго пачуцьцё гісторыі павінна было б прадухіліць спробу збудаваць такую дзяржаву ізноў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG