Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш за 700 чалавек былі затрыманыя пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Хто трапіў у аўтазак на Плошчы Незалежнасьці, хто – па дарозе дахаты, хто – з больнічнай палаты, хто – з роднай хаты… Мастаку Алесю Пушкіну выпаў гонар трапіць за краты першым – яшчэ 8 сьнежня, за адзінаццаць дзён да масавага хапуна, ён быў затрыманы і асуджаны на 13 сутак. Я сустрэўся з мастаком у ягонай хаце ў мястэчку Бобр на Крупшчыне на другі дзень пасьля вызваленьня.

Міхась Скобла: “Алесь, рады бачыць цябе на волі. Давай вернемся ў тыя перадвыбарныя дні. Як адбывалася тваё затрыманьне?”

Алесь Пушкін: “Спачатку зайшоў да мяне міліцыянт, пагаварыў, нібыта папярэдзіў, што мяне могуць арыштаваць перад выбарамі. А насамрэч ён проста хацеў пераканацца, што я дома адзін, бязь сьведак, бяз жонкі, без дзяцей. А пасьля прыйшоў да мяне ў двор жыхар Бабра Віктар Лазарэвіч і стаў гаварыць, што я яму карціну абяцаў падараваць. Я адразу ўсё зразумеў. Я ўзяў Лазарэвіча за руку, акуратненька вывеў за брамку, на вуліцу і сказаў: “Віця, толькі пасьля выбараў заходзь на гэтую тэрыторыю”. Я думаў, ён нешта падкіне. Ён пастаяў, патаптаўся і пайшоў. А праз пяць хвілінаў зайшлі ў хату міліцыянты і сказалі, што ім паступіў званок, нібыта я зьбіў аднавяскоўца. Я вырашыў не ісьці зь імі, не адказваць на пытаньні… Бо гэта – адзіная форма пратэсту свабоднага чалавека ў дадзеных умовах. Калі мяне ўжо прывезьлі ў Крупкі, у камэру, я сказаў, што ня буду прымаць ежу. Міліцыянты мае словы паспрабавалі аформіць як жарт: “Лечебное голодание, пожалуйста, имеете право”. Але я напісаў пракурору, што галадоўка – мой пратэст, што я буду і на судзе маўчаць, буду ляжаць у наручніках моўчкі, а судзьдзя хай судзіць, хай за мяне адказвае”.

Скобла: “Ты трынаццаць сутак трымаў галадоўку. Што было найцяжэй, і што табе дапамагала на адступіцца ад свайго намеру?”

Пушкін: “У мяне генная прыстасаванасьць да цяжкасьцяў. Прыкладам, мая бабуля Ульляна хадзіла пешкі ў Кіеў. Зімой, як яна мне гаварыла, трэба дзён 20 пасьціцца, але
Галадоўка праходзіла цяжка. У камэры было, прыкладна 6-9 адсоткаў цяпла, я ляжаў накрыўшыся коўдраю, бярог сілы, эканоміў энэргію ...
ляжаць – нічога не рабіць. І я зразумеў, што калі буду ляжаць, піць ваду, хадзіць у прыбіральню хаця б два разы ў дзень, то вытрымаю. Што праўда, ежа стаяла ў вачах. Той кавалачак пячонкі, які я не даеў у хаце... Бо калі прыйшлі міліцыянты, жонка зразумела, што доўга мяне ня будзе, і вырашыла пакарміць мяне, пакуль яны будуць вырашаць, затрымліваць мяне, ці не. Міліцыянты дзесьці паўгадзіны мяне ўгаворвалі пайсьці, але не ўгаварылі. Тады ўзялі і панесьлі. І вось той недаедзены кавалачак пячонкі тысячы разоў успамінаўся мне на 3, 4, 5, 6 суткі маёй галадоўкі. На сёмыя суткі, калі ўжо зьявіўся адвакат, я стаў лагодны і добры, на восьмыя – быў задаволены. І толькі сапсаваліся адносіны ў ноч зь 19 на 20 сьнежня. А так я быў лагодны. Мне вельмі падабаўся капітан Макараў, начальнік Крупскай турмы. Ён – такога славянскага тыпу, афіцэр, вясёлы, чыста паголены, на ім белая кашуля. Мяне ўразіла, што чалавек, які галадае, фэнамэнальна адчувае пахі! Калі б я працаваў у такім месцы, я б абавязкова кожны дзень галіўся б, апранаў бы беласьнежную кашулю і гальштук, калі заходзіў бы ў камэру. Чалавек, які дзесяць дзён ня есьць, проста надзвычайна адчувае пах другога чалавека. Галадоўка праходзіла цяжка. У камэры было, прыкладна 6-9 адсоткаў цяпла, я ляжаў накрыўшыся коўдраю, бярог сілы, эканоміў энэргію”.

Скобла: “А як ставілася да цябе крупская міліцыя?”

Пушкін: “Што б мы ні казалі, 19 сьнежня ў Менску ўсё ж адбылося правапарушэньне. Загадзя дзяржава папярэджвала: “Не прыходзьце пад рэжымныя ахоўваныя аб’екты, бо гэта незаконна”. У народу ёсьць права прыйсьці прагаласаваць. А выйшаўшы на Плошчу, вы – ужо правапарушальнік. І любы міліцыянт глядзіць на вас, як на таго ж падпальшчыка машыны. Вы для яго – як той араб, які кідае гранату ў акно… І міліцыянт са спакойным сумленьнем вас пляжыць. У мяне была іншая сытуацыя. Я паліў лазьню, у хаце сядзеў сын Міколка і маляваў. Прыйшлі ў хату пяць міліцыянтаў, забралі ў чорны воран, прывезьлі ў Крупкі. І гаварылі мне вінавата, апраўдваючы свае дзеяньні: “Николаевич, раз вы сюда попали, значит, не мы вас сюда посадили, мы тут работаем”. Я са свайго боку прасіў толькі карэктных адносінаў. Таму што я ня той турэмны кантынгент, які звычайна туды трапляе. Усе гэтыя дзімоны, якія пальцы растапырваюць. І міліцыянты пра гэта ведалі. Таму і ставіліся да мяне карэктна. А ўсе затрыманыя ў ноч з 19 на 20 і пазьней разглядаюцца канвойнымі як нягоднікі. І таму іх бяз жалю, з пачуцьцём выкананага абавязку пляжаць”.

Скобла: "Для барацьбы з табой улады выкарыстоўваюць тваіх аднавяскоўцаў. У свой час табе “дапамог” Іван Сойка, цяпер – Віктар Лазарэвіч, які, дарэчы, шэсьць разоў сядзеў у турме. Гэта ж ён паскардзіўся ў міліцыю, што ты яго зьбіў”.

Пушкін:
“І які вітаецца са мной на вуліцы. А бывае, мне потым перадаюць яго словы: “Чаму гэтага Пушкіна пасадзяць, патрымаюць і выпусьцяць, калі ўжо яго пасадзяць і ня выпусьцяць?”. І вось падыходзіш да такога чалавека і пытаесься: “А чаму вы так хочаце, каб у нас у хаце былі выбітыя шыбы, каб на маім падворку рос бур’ян, каб не віселі пялюшкі ў двары? Вам бы лягчэй жылося пасьля гэтага?”. “Ды не, Саша, я ж не гаварыў гэтага, я люблю цябе…”. Слухаць такое, вядома ж, брыдка. У чалавека столькі ходак за плячыма, ён большую частку жыцьця правёў у турмах за крадзёж, за разбой. Не за беларускую ж мову, не за пікет”.

Скобла: “А ці ёсьць у цябе ў Бабры сябры? Ці патрэбны тваім землякам “кліч свабоды”, пра які пісаў твой знакаміты цёзка Аляксандар Пушкін?”
Я – адзіны прафэсійны мастак на 32 тысячы жыхароў Крупскага раёну, але атрымліваецца, што і я не патрэбны ...

Пушкін: “Не паявілася ў нас з жонкай сяброў у Бабры. Хоць ёсьць эліта ў мястэчку: праваслаўны сьвятар, дырэктарка школы, пратэстанцкі пастар, старшыня сельсавету, бібліятэкары. Мы пражылі ў Бабры 13 гадоў, і сёньня я канстатую факт: не патрэбны людзям кліч свабоды, не адгукаюцца душы, не ўзьнікае рэзанансу ў іхніх душах. Я – адзіны прафэсійны мастак на 32 тысячы жыхароў Крупскага раёну, але атрымліваецца, што і я не патрэбны. Мяне трактуюць як? Мацяршчыньнік, нягоднік, бандыт. Засталося толькі, калі я на Купальле крупнік вару і частую людзей, прыпісаць мне варэньне самагону і продаж. Вось калі для поўнай камплектнасьці і гэты артыкул мне ўсабачаць – тады цалкам вясковы нягоднік атрымаецца”.

Скобла: “На другі дзень пасьля пабоішча, 20 сьнежня, на Плошчу Незалежнасьці выйшла ўсяго некалькі дзясяткаў маладзёнаў… Чаго ў беларусах больш – геннага страху, ці страху, набытага за часы Лукашэнкі?”

Пушкін: “16 гадоў кіраваньня Лукашэнкі зрабілі тое, што нашы беларускія мужчыны сталі баязьліўцамі. Міліцыянты крупскія ня ведалі ж, што за плячамі ў мяне пасьля службы ў войску 28 сутак гаўптвахты за пазастатутныя ўзаемаадносіны. 28 сутак ваеннай гаўптвахты Кундуза і Кабула ў Аўганістане – гэта не 13 сутак крупскага ізалятару… Але вернемся да праблемы беларускага мужчыны. Вось калі б табе далі адзін раз дубінкаю, раззлаваўся б і пайшоў у наступ! Але чамусьці 80 % беларускіх мужчынаў пры болі, пры страху даюць на пяту. Вось праблема беларускай нацыі, праблема беларусаў. Чачэнцы-мужчыны, азэрбайджанцы-мужчыны так сябе не паводзяць”.

Скобла: “Калі б цябе не затрымалі прэвэнтыўна, ты пайшоў бы на Плошчу?”

Пушкін: “Не. Няма за каго ісьці. За каго ісьці на барыкады? За пажылога чалавека, які быў дзяржаўным служачым пры Лукашэнку? Я гавару пра Саньнікава. Ён не размаўляе на беларускай мове, і пры ім Беларусь ня будзе беларускай. А ўдзел у прэзыдэнцкай кампаніі паэта Някляева – гэта пэрформанс”.

Скобла: “Тое, што ты называеш “пэрформансам”, прывяло да зьбіцьця, страты прытомнасьці і турмы”.

Пушкін: “І ўсё ж гэта пэрформанс творчага чалавека, такога, як я. Я таксама, дарэчы, буду балятавацца ў прэзыдэнты ў 2015 годзе. Алесь Пушкін – кандыдат у прэзыдэнты, прыйдзе час, і вы ўбачыце гэты мой мастацкі праект. Я люблю паказваць свае мастацкія праекты ўпершыню не за мяжой, а на беларускіх пляцоўках. Хто там яшчэ быў? Рымашэўскі – малады, ясны, прыгожы хлопец. Але ж ён толькі-толькі заняўся палітыкай. Што будзе зь ім праз 15 гадоў? Давайце паназіраем за Рымашэўскім гадоў дзесяць, паглядзім на яго далейшае жыцьцё. Потым, можа быць, я пайду на плошчу 2020 году за Рымашэўскага”.

Скобла: “Але сёньня яны – і Някляеў, і Саньнікаў, і Рымашэўскі – сядзяць у турме”.
Таму цяпер мая пазыцыя – салідарнасьць з затрыманымі, бо яны пакутуюць і знаходзяцца ў дрэнных умовах, у якіх я сам быў толькі пазаўчора ...

Пушкін: “Тое, што іх пасадзілі ў турму, гэта, скажам так, абгрунтавана з боку ўлады. Але затрыманьне можна было рабіць зь меншай жорсткасьцю. Напрыклад, мяне ніхто ні разу ня ўдарыў. Неправамерная і неабгрунтаваная жорсткасьць у адносінах да людзей, якія паспрабавалі аспрэчыць вынікі выбараў. Прычым, паспрабавалі зрабіць гэта цывілізавана, у межах Канстытуцыі і закону. І неадэкватна жорсткія адносіны, проста пячорныя: біцьцё, кроў… Гэтая брутальнасьць уладаў робіць вельмі дрэнную справу для іміджу Беларусі ва ўсім сьвеце. Таму цяпер мая пазыцыя – салідарнасьць з затрыманымі, бо яны пакутуюць і знаходзяцца ў дрэнных умовах, у якіх я сам быў толькі пазаўчора. І ўсё ж, нягледзячы ні на што, я жадаю ім ня бегаць па замежных амбасадах і любіць свой народ. Калі выпусьцяць, не ўцякаць на эміграцыю, не туляцца па замежжы”.

Скобла: “Сёньня ў Беларусі шырыцца акцыя салідарнасьці з тымі, хто знаходзіцца ў турме. А хто выказаў салідарнасьць з табой, калі ты сядзеў?”

Пушкін: “Інфармацыйная ізаляцыя – адна з формаў турмы, калі ты абсалютна ня ведаеш, што дзеецца за бортам жыцьця. І калі вярнуўся, вельмі прыемна было пачуць, ад жоначкі, што многія людзі выказвалі ёй сваю падтрымку. Андрэй Аляхновіч умомант прыняў меры, выйшаў на праваабаронцаў. Да жонкі ў школу тэлефанаваў амбасадар Швэцыі Стэфан Эрыксан, выказваў спачуваньні. Падтрымаў і мастак Генадзь Драздоў, старшыня суполкі “Пагоня” (я туды вярнуўся пасьля таго, як зьмяніўся яе кіраўнік Мікола Купава). Мастачка Марына Напрушкіна, якая жыве ў Бэрліне, арганізавала падтрымку шматлікіх мастакоў зь Нямеччыны і Швэцыі. У Крупкі пачалі прыходзіць факсы на розных мовах, што я не бандыт, а мастак. Таму Марыне вялікі дзякуй за салідарнасьць. Мастак са Смаргоні Валянцін Варанішча ўзяў і пералічыў 400 тысячаў рублёў Пушкіну – акрамя цёплых словаў падтрымкі. А яшчэ Фабрыцыо Скарпа – доўгатэрміновы назіральнік місіі АБСЕ – наведаў маю жоначку, распытаў яе пра нашы палітычныя погляды, пра наш удзел у зборы подпісаў за апазыцыйных кандыдатаў, пацікавіўся, чаму мы байкатуем выбары. І, вядома ж, вельмі важны ўчынак: 17 сьнежня Толік Міхнавец, Віталь Рымашэўскі і яшчэ 50 чалавек прыехалі пад будынак Крупскай міліцыі, і я, лежачы ў камэры, пачуў праз глухія турэмныя сьцены: “Свабоду Пушкіну!”. Я ўстрапянуўся, паклікаў капітана Макарава і кажу: “Ну што, капітан, беларуская салідарнасьць ёсьць?”. І капітан, дабрадушны, вясёлы хлопец, сказаў: “Ёсьць, Аляксандар Мікалаевіч!”. Мне гэта было вельмі прыемна”.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG