Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да 30 сьнежня сьледзтва павінна прад'явіць арыштаваным па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Менску 19 сьнежня афіцыйнае абвінавачваньне альбо адпусьціць іх. Сьледзтва правяло пакуль што па адным допыце былых кандыдатаў на прэзыдэнта і іх паплечнікаў, арыштаваных па гэтай справе. Сустрэчы арыштаваных з адвакатамі ўсяляк абмяжоўваюцца. Тым часам лік падазраваных па гэтай справе вырас да 25.


Адвакаты Ўладзімера Някляева Тамара Сідарэнка і Ўладзімер Букштынаў толькі праз тыдзень пасьля затрыманьня іх падабароннага змаглі яго ўбачыць на допыце ў СІЗА КДБ. На мінулым тыдні тры дні запар яны былі першымі ў чарзе ў пакоі для спатканьняў, але да Някляева іх не дапускалі, спасылаючыся на тое, што пакой нібыта заняты. Ніякія скаргі адвакатаў ня дзейнічалі. У сувязі з гэтым грамадзкасьць нават запатрабавала ў пракуратуры Беларусі: пакажыце, што Някляеў жывы.

Убачыўшы ўчора позна ўвечары Някляева, адвакат Тамара Сідарэнка паведаміла "Свабодзе", што стан ягонага здароўя здавальняючы, хоць наступствы ўдару ў галаву пры атацы спэцназу 19 сьнежня даюцца ў знакі: на твары ў Някляева захоўваецца вялізны сіняк, ён скардзіцца на галаўныя болі і высокі ціск, ад якога прымае таблеткі, перададзеныя яму з волі.

Пра псыхалягічны стан Някляева Тамара Сідарэнка паведаміла наступнае:

Тамара Сідарэнка
"Вядома, чалавеку там нясоладка, але ў цэлым ягоны псыхалягічны стан адэкватны, ён нармальна ўспрымае сытуацыю, ні агрэсіі, ні засмучэньня, такі стан, які і мае быць у такой сытуацыі. Ён таксама ня кажа, што быў нейкі фізычны ці яўны псыхалягічны ціск".

Паводле спадарыні Сідарэнкі, Някляеў вінаватым сябе не прызнае. 19 сьнежня ён нават не дайшоў да Кастрычніцкай плошчы, ні да чога там не заклікаў, ніякіх беспарадкаў не чыніў. Такім чынам, адвакат спадзяецца, што да 30 сьнежня Някляеву так і ня будзе выстаўленае абвінавачваньне:

"Надзея памірае апошняй, як кажуць. Шанцы ёсьць. Я як юрыст магу сказаць, што ў такім выглядзе абвінавачваньне Някляеву прад'яўляць цяжка".

Не пускаюць адвакатаў і да Алеся Міхалевіча, Андрэя Саньнікава, Уладзімера Кобеца, Ірыны Халіп… Фактычна ва ўсіх іх прайшло па адным допыце з удзелам адвакатаў. Адвакаты нават напісалі калектыўную скаргу Генэральнаму пракурору на нядопуск да сваіх падабаронных, паведаміў адвакат Ірыны Халіп Уладзімер Тоўсьцік:
Нам паведамляюць, што няма магчымасьці нам прадставіць месца для гутаркі ...

"Наведваньне практычна немагчыма, нягледзячы на тое, што мы і скардзімся, і просім. Мы самі прарвацца туды ня можам — толькі ў афіцыйным парадку. Нам паведамляюць, што няма магчымасьці нам прадставіць месца для гутаркі. Паўстае пытаньне, што па іншых справах адвакаты праходзяць у СІЗА да сваіх кліентаў і месца для іх ёсьць, а для нас — няма".

Тым часам сьледчы паведаміў адвакату Тоўсьціку, што сёньня ўвечары ці заўтра па абедзе яго выклічуць у СІЗА да Ірыны Халіп.

29—30 сьнежня выходзіць тэрмін, каб вынесьці папярэдняе абвінавачаньне тым вязьням "амэрыканкі", якіх арыштавалі ў ноч з 19 на 20 сьнежня.

Тым часам колькасьць падазраваных па гэтай справе вырасла да 25, — паведамілі ў праваабарончым цэнтры "Вясна". Статус падазраваных атрымалі паплечнік Міколы Статкевіча Сяргей Марцалеў, актывіст Партыі БНФ Зьміцер Новікаў, студэнт Мікіта Ліхавід.

Аднак пакуль нікога з тых, хто біў шыбы ў Доме ўраду, не затрымалі. Гэта вельмі дзіўна, лічыць праваабаронца Валянцін Стэфановіч:

Валянцін Стэфановіч
"З тых, хто знаходзіцца ў СІЗА КДБ, зь іх асабіста ніхто шыбы ня біў... Гэта сьведчыць пра тое, што справакавалі гэтую справу, хутчэй за ўсё, прадстаўнікі спэцслужбаў. Баюся, што да канца справы мы так і не пабачым гэтых асоб".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG