Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

СЬНЕЖНА...

...ветрана і холадна. Тэмпэратура: -10 – -6 С.

НЕ ПРАХОДЗЬЦЕ МІМА:

У вялікай залі філярмоніі вечар, прысьвечаны 75-м угодкам Рыгора Барадуліна. Пачатак а 19.00.

ТАМ, ДЗЕ НАС НЯМА:

У турме ў Кітаі сядзіць Лю Сяобо, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру 2010, які атрымаў 11 гадоў зьняволеньня па абвінавачаньні ў падрыўной дзейнасьці. Сёньня яму спаўняецца 55 гадоў.

ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:

У 1862 у Беларусі адкрылася першая чыгунка. Яна зьвязала Горадню з Парэччам і была часткаю Пецярбурска-Варшаўскай дарогі.

У 1925 разьвітаўся з жыцьцём расейскі паэт Сяргей Ясенін (нар. 1895).

У 1945 памёр амэрыканскі пісьменьнік Тэадор Драйзэр (нар. 1871).

ЁСЬЦЬ НАГОДА:

Міжнародны дзень кіно. Устаноўлены на памятку першага публічнага паказу фільму "Прыбыцьцё цягніка на вакзал Ля Сьята" братамі Агюстам і Люі Люм’ерамі ў Парыжы 28 сьнежня 1895.

МІНУС 365:

"Найлепшая кніга году – "Цэнтар Эўропы" Уладзімера Някляева"

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:

"Струменіцца па жылах халадок.
Сплывае час па стылых небасхілах.
Завершана. Дапісаны радок.
Плачу даўгі і плачу на магілах.

Ужо надзеі белы галубок
Мяне не ўздыме на самлелых крылах.
Завершана. Гасподзь глядзіць з аблок.
Плачу даўгі і плачу на магілах.

Лучыць і блытаць вусьце і выток
Ракі быцьця мне болей не па сілах.
Завершана. Я сеў на беражок.
Плачу даўгі і плачу на магілах.

Мне галасы гукаюцца здалёк –
I памяць на астылых небасхілах
То пырхае, нібыта матылёк,
То круціцца, нібы зьмяя на вілах."


Уладзімер Някляеў
XS
SM
MD
LG