Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
На першы погляд задаваць пытаньні пра палітыку, пра пралікі і памылкі цяпер ня час – жахлівая невядомасьць пра лёс Уладзімера Някляева, крымінальная справа, якая пагражае абвінавачаным гадамі зьняволеньня, сотні зьбітых і арыштаваных, працяг ператрусаў, затрыманьняў, хваля расправаў па месцы працы і вучобы.

Але гэта – не ахвяры землятрусу, прыроднай стыхіі, дзе на ўсё Боская воля, гэтыя людзі ахвяравалі сабой дзеля пэўнага палітычнага праекту, які прывёў да такога, а не іншага выніку. І хіба няма падставаў падумаць пра прычыны гэтага выніку, паспрабаваць зрабіць зь яго некаторыя высновы?

Плошча-2010 – аргумэнт у даўняй спрэчцы, ці можа зрабіць палітычны цуд рашучая меншасьць, якая дзейнічае ў «чароўную ноч дзіркі легітымнасьці», незалежна ад настрояў большасьці. Зразумела, заўсёды можна сказаць, што меншасьць была недастаткова рашучай, але выглядае, што ўрок 2010 году палягае ў тым, што акрамя рашучасьці трэба яшчэ нешта.

1. За 7,5 хвілін пару тысяч АМПАу і спэцназу разагналі 10-20 тысяч людзей на плошчы Незалежнасьці. Што зьменіцца наступным разам? Будзе больш людзей на плошчы? За кошт чаго?

Сілы правапарадку будуць паводзіць сябе інакш? Чаму? У Сэрбіі ў 2000 годзе і ва Ўкраіне ў 2004 годзе лідэры Плошчы здолелі дамовіцца з кіраўніцтвам сілавых структур аб іх як мінімум нэўтралітэце. Ці была такая дамова ў Беларусі ў 2010 годзе? Ці магчымы нэўтралітэт сілавых структур без такіх дамоўленасьцяў?

Нібыта плян лідэраў Плошчы прадугледжваў перамовы з урадам і сілавымі міністрамі. Але зь якіх прычынаў вернасьць гэтых самых міністраў Лукашэнку павінна была аказацца меншай, чым вернасьць іх падначаленых, так пераканаўча прадэманстраваная на Плошчы?

2. Біцьцё шыбаў і ламаньне дзьвярэй у Доме ўраду было банальнай паліцэйскай правакацыяй. Але што насамрэч азначалі словы з вуснаў лідэраў апазыцыі пра «рашучыя дзеяньні»? За 4 гады пасьля Плошчы-2006 на Аляксандра Мілінкевіча вылілі тоны памыяў за «баязьлівасьць» і «нерашучасьць». А як было трэба? Які адказ з улікам досьведу ўжо і Плошчы-2006, і Плошчы-2010?

3. Колькі галасоў атрымаў Лукашэнка на гэтых выбарах насамрэч – ніхто ня ведае. Але паводле нават самых неспрыяльных для яго ацэнак – за 30%, а за ягоных апанэнтаў – значна менш. Я не пра тое, ці патрэбны быў другі тур, я пра тое – чаму? У чым прырода падтрымкі Лукашэнкі (шчырай, а не намаляванай)? Што можа гэта зьмяніць? Ці прыкладна 30%–40% – гэта «ядзерны», «бэтонны» яго электарат, які ня зьменшыцца, якую б палітыку ён ні праводзіў?

4. Плошча-2010 мусіла б паставіць кропку ў спрэчцы наконт адзінага кандыдата як неабходнай умовы посьпеху. Ці паставіць? Дарэчы, умовы недастатковай, але неабходнай. Ці не забудзецца яна ў наступную "чароўную ноч дзіркі легітымнасьці" – што ці адзіны зь нейкімі шанцамі на посьпех ці «конкурс прыгажосьці» без шанцаў.

Перавага адзінага, акрамя ўсяго іншага – нават у тэхналягічным сэнсе арганізацыі Плошчы. Некалькі сцэнароў, якія праводзяць некалькі кандыдатаў, прыводзяць да таго, што насамрэч не рэалізуецца ніякі сцэнар ці рэалізуецца сцэнар уладаў. Але што не было зроблена сёлета, каб дасягнуць адзінства? І што зьменіцца праз 5 гадоў?

Пытаньні гэтыя – насамрэч не мае. Іх паставілі зьбітыя, скалечаныя, тыя, хто сядзяць за кратамі, каму зламалі лёсы, а некаторым і душы.

І наш абавязак– ня толькі дапамагаць ім, ня толькі быць салідарнымі зь імі, але і шукаць адказы на гэтыя пытаньні, каб іх пакуты і ахвяры не былі марнымі.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG