Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Родныя арыштаваных па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Менску 19 сьнежня ніякіх новых зьвестак зь СІЗА КДБ ня маюць. Адвакаты вязьняў кажуць, што ня ведаюць, калі ім удасца зноў пабачыць сваіх падабаронных. Найбольш складаная сытуацыя — вакол Уладзімера Някляева, да якога адвакатаў не пускаюць ужо тыдзень.

Жонка кандыдата на прэзыдэнта Ўладзімера Някляева Вольга сёньня раніцай наведала Генэральную пракуратуру і КДБ Беларусі. У атачэньні сяброў, літаратараў, журналістаў і "супрацоўнікаў у цывільным" яна спачатку зайшла ў фае Генпракуратуры і запатрабавала сустрэчы з генэральным пракурорам Рыгорам Васілевічам. Але да яе выйшаў толькі дзяжурны пракурор. Пра рэакцыю на яе ранейшыя скаргі ад 21 і 25 сьнежня аб непрадстаўленьні яе мужу Ўладзімеру Някляеву юрыдычнай дапамогі Вольга змагла спытацца толькі праз унутраны тэлефон пракуратуры:

Вольга Някляева
"…Там наўпрост парушэньне правоў чалавека… І яшчэ была заява ад 21-га, там асобным пунктам быў зварот аб прадстаўленьні прававой дапамогі затрыманаму. І гэта ўжо павінна быць разгледжана".

Як выявілася, скаргі Някляевай у пракуратуры яшчэ не разглядалі, а апошнюю зь іх зарэгістравалі толькі сёньня, паведаміла спадарыня Някляева пасьля гутаркі з пракурорам:

"Яны ўсе разумеюць гэтую сытуацыю і проста лявіруюць. Усё робіцца спэцыяльна. Мой муж у ізаляцыі, адвакат да яго не дапушчаны, перадачы мае, я думаю, яму не аддалі".

У КДБ Вольга Някляева прынесла яшчэ адну сваю скаргу на нядопуск адвакатаў да яе мужа. Скаргу ў яе ў КДБ прынялі, але і там нічога не адказалі па сутнасьці, паведаміла Вольга Някляева:

"Да гэтага часу я ня маю ніякіх зьвестак ад мужа. Да гэтага часу афіцыйна мне ніхто не пацьвердзіў, што ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Ніхто з супрацоўнікаў КДБ мне не патэлефанаваў, ні поштай не прыслалі ніякага паведамленьня. Майго мужа проста ізалююць. Думаю, што такім чынам на яго ціснуць".

Вольга Някляева зьбіраецца таксама скардзіцца ў міжнародныя арганізацыі.

"… Уладзімер Някляеў быў моцна зьбіты, а потым гвалтам вывезены са шпіталя. У грамадзтве распаўсюджвацца чуткі, што ён памёр. Мы патрабуем: пакажыце паэта, мы хочам ведаць, што Ўладзімер Някляеў жывы", — подпісы пад такім зваротам у Генэральную пракуратуру Беларусі паставілі літаратары Ўладзімер Арлоў, Валянцін Акудовіч, Сяргей Законьнікаў, Сяргей Сматрычэнка, Уладзімер Колас, Алесь Разанаў.

Сытуацыю зь Някляевым Уладзімер Арлоў назваў парушэньнем элемэнтарных чалавечых нормаў:
Мы хочам даведацца, жывы Ўладзімер Пракопавіч ці мёртвы ...

"Цэлы тыдзень блізкія, родныя, сябры Ўладзімера Някляева ня ведаюць, што зь ім. Гэта парушэньне ня толькі юрыдычных, але і гуманітарных нормаў. Мы хочам даведацца, жывы Ўладзімер Пракопавіч ці мёртвы".

Адвакат Някляева Тамара Сідарэнка сёньня зноў не атрымала магчымасьці пабачыць свайго падабароннага. Яна сказала "Свабодзе", што адвакаты спрабуюць ініцыяваць іншыя легальныя працэдуры, якія далі б магчымасьць сустрэцца зь Някляевым. У скрайнім выпадку гэта мае адбыцца да 30 сьнежня, калі закончыцца 10-дзённы тэрмін, адведзены на вынясеньне абвінавачаньня.

Ня можа сустрэцца са сваім падабаронным Андрэем Саньнікавым і ягоны адвакат Павал Сапёлка:

Павал Сапелка
"Я напісаў хадайніцтвы, я напісаў скаргі, у якіх прасіў забясьпечыць маё права сустрэцца з маім падабаронным. Напісаў усім, каму мог прыдумаць: і сьледчаму, і начальніку СІЗА, і генэральнаму пракурору… Усім напісаў".

Рэакцыі на гэтыя звароты пакуль няма. Такая ж сытуацыя і ў адвакаткі Мікалая Статкевіча Тацяны Станкевіч, якая ня ведае, калі сустрэнецца з падабаронным. А адвакат Анатоля Лябедзькі бачыла свайго падабароннага ў мінулую пятніцу, паведаміла жонка вязьня Сьвятлана:

"Усё застаецца па-ранейшаму, ніякіх зьменаў няма. Галадоўку працягвае. Паказаньняў, наколькі мне вядома, не дае. Сёньня сын адвозіў перадачу, але паколькі ён галадае, нічога, апрача вады, не перадаём, яшчэ нейкія рэчы".

Жонка іншага вязьня, Віталя РымашэўскагаНаста ніякай новай інфармацыі ад мужа ня мае. Сёньня яна панесла мужу перадачу ў ізалятар КДБ і была 23-й у чарзе:

"Усіх трымаюць у фае Дома культуры імя Дзяржынскага, прычым яшчэ ганяюць па розных кутах: нібыта там дзіцячы спэктакль — каб не перашкаджалі дзецям".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG