Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэха Плошчы


У чым прычыны і якімі могуць быць наступствы апошніх драматычных падзеяў у Беларусі? На гэтае пытаньне "Свабоды" адказваюць вядомыя творцы і грамадзкія дзеячы, маральныя аўтарытэты беларускага грамадзтва.

Бандарэнка: Усё яшчэ толькі пачынаецца

Зінаіда Бандарэнка
Народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка кажа, што ў гэтыя дні хваляваньнем ахоплены ўсе яе сябры, калегі, знаёмыя і нават незнаёмыя.

А пра свае пачуцьці спадарыня Бандарэнка кажа так:

"Па-першае, гэта гонар за беларусаў. Прачнуліся мы ўрэшце рэшт. А гэта значыць, што ўсё яшчэ толькі пачынаецца. Гонар за кандыдатаў у прэзыдэнты. Не за ўсіх, вядома. Пачуцьцё сораму — за кіраўніка, жалю — да людзей, што страцілі годнасьць.

І ў гэтыя дні вельмі яскрава было бачна, якія мы — розныя. Тыя, што ішлі на Плошчу з бляскам волі, надзеі ў вачах. І тыя, што сядзяць ва ўладных канцэртных залях. Яны слухаюць, як нахабна зьдзекуецца кіраўнік дзяржавы зь людзей, як зьнішчае апошнія парасткі дэмакратыі ў краіне.

А што чакае? Усё-ткі перамога будзе. І, можа, яшчэ прыйдзецца за гэтую Плошчу, за крывавую перамогу ўцякаць з краіны. Надзея на гэта ў людзей ёсьць. І калі ёсьць у яго хоць крышачку пачуцьця годнасьці, то ён павінен сысьці і даць людзям волю".

Законьнікаў: Рэжым пераступіў мяжу


Сяргей Законьнікаў
Паэт Сяргей Законьнікаў сёньня першым паставіў подпіс пад заявай у Генэральную пракуратуру Беларусі. Разам зь іншымі дзеячамі культуры ён патрабуе дапусьціць да Ўладзімера Някляева адваката.

Спадар Законьнікаў кажа, што ў яго няма ніякага сумневу, хто сапраўды вінаваты ў трагедыі:

"Падзеі 19 сьнежня 2010 году ў нашай сталіцы засьведчылі, што не апазыцыя перайшла Рубікон, як ёй гэта абазначыў усёдзержац, а сам беларускі рэжым пераступіў мяжу. Ён ад аўтарытарызму скаціўся ў жорсткі таталітарызм. Вось гэта мая выснова. Як публіцыста, як паэта, як чалавека".

Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь імя Янкі Купалы, ляўрэат міжнародных літаратурных прэмій Украіны, Польшчы і Нямеччыны не бярэцца прагназаваць, што дакладна будзе ў Беларусі далей:

"Але тое, што робіцца зараз (я маю на ўвазе, як ідзе атака ўсіх праваахоўных органаў, як яны атакуюць дэмакратычна настроеную грамадзкасьць Беларусі) — гэта паказвае, што нас чакае вельмі і вельмі цяжкая сытуацыя. Думаю, што калі ня будзе рэакцыі міжнароднай супольнасьці на гэтыя падзеі, то можам лічыць, што ў Беларусі будзе зачышчана ўсё дэмакратычнае поле. І тут розныя дзядзькі і цёткі будуць расказваць, як хораша ім жывецца пры цяперашняй уладзе. Вось што тут будзе".

Букчын: Кот нагуляўся і зьеў мышаня

Пісьменьнік Сямён Букчын кажа, што падзеяў 19 сьнежня можна было чакаць.

"Я ўвогуле ня бачу такой тлустай рысы паміж тым, што было і што адбываецца сёньня. Гэта працяг існаваньня таго аўтарытарнага, з элемэнтамі дыктатуры, спэцыфічнага рэжыму, які ўмацаваўся на Беларусі. Ён трошкі дазваляў таго, што ў нас называлі лібэралізацыяй. Хаця, мне падаецца, слова "лібэралізацыя" выглядае тут занадта моцным. Так, выступалі людзі па тэлебачаньні, крытыкавалі. Аднак гэта больш нагадвала гульню агромністага сытага ката з мышанём. Вось кот нагуляўся і ўрэшце рэшт зьеў мышаня".

Пісьменьнік бачыць бліжэйшую будучыню так:

"У цэлым рэжым працягне сваё існаваньне. Ён будзе гуляць у свае гульні і з Захадам, і з Усходам. Гэта такая палітыка, у якой рэжым адчувае сябе даволі сьпелым гульцом.

Калі казаць пра асаблівую жорсткасьць, то тут многае будзе залежыць ад таго, які судовы працэс адбудзецца і ці адбудзецца ён увогуле. Ёсьць розныя меркаваньні, думкі. Калі такі працэс адбудзецца і людзі атрымаюць пэўныя тэрміны, то гэта будзе азначаць упэўненасьць рэжыму. Гэта будзе паказваць яго магчымасьці".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG