Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскімі прыхільнікамі Саньнікава зацікавіўся КДБ


Супрацоўнік КДБ правёў папераджальную гутарку з Уладзіславам Варанецкім, каардынатарам выбарчага штабу Андрэя Саньнікава ў Віцебску. Актывіста Мікалая Жырноўскага ўжо другі раз выклікаюць у ваенкамат, дзе напярэдадні двое супрацоўнікаў КДБ ужо размаўлялі зь ім пра недапушчальнасьць “апазыцыйнай дзейнасьці”.

Уладзіслаў Варанецкі распавёў, што яго выклікалі ў дэканат Віцебскага тэхналягічнага ўнівэрсытэту, дзе ён спрабуе аднавіцца на вучобу. Там яго сустрэў супрацоўнік КДБ, які заявіў, што можа паспрыяць у вырашэньні праблем з вучобай, калі ён адмовіцца ад палітычнай дзейнасьці.

Спадар Варанецкі кажа, што ў гэтыя абяцаньні ня верыць: “Я хацеў аднавіцца на 4 курс. Навучаюся на інжынэра-тэхноляга, і каб аднавіцца, мне трэба здаць усяго адну працу. Таму супрацоўніку КДБ я сказаў, што ў стане вырашыць свае праблемы сам, а што да палітычнай дзейнасьці — то ў ёй няма нічога недазволенага. На што атрымаў адказ: маўляў, мы ведаем, што ты быў галоўным прадстаўніком Саньнікава ў Віцебску, таму чакай непрыемнасьцяў”.

Паводле Уладзіслава Варанецкага, гутаркі пра тое, каб адмовіцца ад грамадзкай і палітычнай дзейнасьці, праводзяцца і зь Мікалаем Жырноўскім, яшчэ адным віцебскім прыхільнікам Андрэя Саньнікава. Хлопца ўжо аднойчы выклікалі ў ваенкамат, дзе зь ім размаўлялі два супрацоўнікі КДБ. 27 сьнежня а 3-й дня яго зноў выклікалі ў ваенкамат на нейкую чарговую размову.
XS
SM
MD
LG