Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На сайце прэзыдэнта Расеі віншаваньня Лукашэнку дагэтуль няма


На афіцыйным сайце расейскага прэзыдэнта http://www.kremlin.ru/ дагэтуль няма паведамленьня пра віншаваньне Дзьмітрыя Мядзьведзева Аляксандру Лукашэнку з нагоды афіцыйнага абвяшчэньня яго пераможцам на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі.

Тэма віншаваньня з Масквы пачала абмяркоўвацца яшчэ з 20 сьнежня, калі падчас прэсавай канфэрэнцыі ў Лукашэнкі спыталіся, ці павіншаваў яго расейскі калега, на што той адказаў, што “яшчэ не глядзеў пошту”.

У суботу, на другі дзень пасьля абвяшчэньня афіцыйных вынікаў выбараў ЦВК Беларусі паступалі супярэчлівыя паведамленьні пра адсутнасьць або наяўнасьць такога віншаваньня.

Кропку ў гэтай справе нібыта паставіла ў суботу прэсавы сакратар прэзыдэнта Расеі Натальля Цімакова, якая пацьвердзіла, што Дзьмітрый Мядзьведзеў павіншаваў Аляксандра Лукашэнку з абраньнем на пасаду прэзыдэнта Беларусі.

«З улікам афіцыйна апублікаваных лічбаў ЦВК Беларусі, дакладу кіраўніка расейскага Цэнтарвыбаркаму Уладзімера Чурава пра высновы назіральнікаў, гэты ліст быў адпраўлены», — сказала Цімакова. Пра гэта паведамілі ўсе асноўныя расейскія інфармацыйныя агенцтвы.

Аднак раніцай у панядзелак – амаль праз тры дні пасьля абвяшчэньня вынікаў – на сайце прэзыдэнта Расеі http://www.kremlin.ru/ дагэтуль няма ніякай згадкі пра віншаваньне.

У аналягічнай сытуацыі з прэзыдэнтам Украіны Віктарам Януковічам сайт Мядзьведзева быў больш апэратыўны, інфармацыя пра віншаваньне Януковічу зьявілася там на другі дзень пасьля афіцыйнага абвяшчэньня вынікаў выбараў - 15 лютага 2010 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG