Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ператрусы і затрыманьні ў сьвята Божага Нараджэньня


22.40 Ператрус у менскім офісе Аб’яднанай грамадзянскай партыі працягваўся больш за чатыры гадзіны.

Канфіскаваныя шэсьць сыстэмных блёкаў кампутараў (адзін зь іх няспраўны), ноўтбук (няспраўны), партыйная тэлефонная кніжка, візытніцы, дыскі, агітацыйная прадукцыя Яраслава Раманчука ды іншыя – усяго 36 найменьняў, паведаміла БелаПАН намесьніца старшыні выканкаму АГП Аксана Крышчановіч.

Паводле Крышчановіч, ператрус праводзілі тры супрацоўнікі КДБ, адзін зь іх — маёр А.Цюраеў. “Нам пазванілі, папрасілі прыехаць, каб не ўзломваць дзьверы. Мы вырашылі адчыніць. Яны разгледзелі літаральна кожную паперку. Праца офісу паралізаваная. Хутчэй за ўсё, у панядзелак зьбярэцца палітрада, каб абмеркаваць далейшыя дзеяньні”, – сказала Крышчановіч.

19.00
У менскім офісе Аб’яднанай грамадзянскай партыі каля дзьвюх гадзін супрацоўнікі КДБ праводзяць ператрус. Канфіскаваны сыстэмныя блёкі кампутараў і іншая тэхніка, перадвыбарныя агітацыйныя матэрыялы, газэты, кампакт-дыскі, асабістыя нататнікі.

18.40
Ператрус прайшоў у менскім офісе “Эўрарадыё”. Супрацоўнікі спэцслужбаў пры адсутнасьці супрацоўнікаў радыё сканфіскавалі кампутары, сэрвэр, партатыўныя відэакамэры і іншую тэхніку.

У лістападзе сёлета Міністэрства замежных справаў Беларусі паўторна выдала “Эўрарадыё” акрэдытацыю на адзін год – да 10 лістапада 2011 году. Карпункт радыё быў адчынены ў лістападзе 2009 году.

16.50
Праходзіць другі ператрус у Міхалевічаў. На гэты раз на кватэры на вуліцы Кісялёва, дзе яго затрымалі. Падчас першага ператрусу на вуліцы Залатой Горцы забралі ноўтбук старэйшай дачкі.

15:50 Прэсавая сакратарка АГП Аксана Крышчановіч паведаміла, што зараз пачнецца ператрус у офісе партыі. Яе каля офісу чакаюць тры чалавекі з КДБ, якія паведамілі, што маюць ордэр на ператрус, і патрабуюць ад яе, каб яна дала ключы ад дзьвярэй офіса. Аксана паведаміла, што едзе да офісу ў суправаджэньні праваабаронцаў.

14:15 Закончыўся ператрус у кватэры Натальлі Радзінай. Як паведаміла маці Натальля Надзея, супрацоўнікі КДБ забралі кампутар. Паводзілі сябе стрымана.

13:45 Ператрус на кватэры Алеся Міхалевіча, ужо трэці за апошнія дні.

Пачаўся ператрус у кватэры Атрошчанкавых. Яго вядуць супрацоўнікі КДБ.

13:30
Як паведаміла Дар’я Корсак, жонка Аляксандра Атрошчанкава, прэс-сакратара кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава, ёй пазванілі і паведамілі, што неўзабаве дома будзе ператрус. Таксама, паводле яе зьвестак, сёньня будуць ператрусы на кватэрах Андрэя Саньнікава, Натальлі Радзінай і Зьмітра Бандарэнкі.

12:30 Як паведаміў Свабодзе Сяргей Скрабец, ператрус праходзіць на кватэры Аляксандра Арастовіча, даверанай асобы Міколы Статкевіча. Сам Арастовіч знаходзіцца ў следчым ізалятары КДБ. Пра гэта ў жывым эфіры Эўрарадыё паведаміў яго сын Дзмітрый.

12:30
Паводле зьвестках БелаПАН, у цяперашні час ператрусы праходзяць у праваабаронцаў Вячаслава Сіўчыка, Алега Волчака і кінадраматурга Ўладзімера Халіпа, бацькі журналісткі Ірыны Халіп.

Нагадаем, Ірына Халіп і яе муж, былы кандыдат у прэзыдэнты Андрэй Саньнікаў, знаходзяцца ў сьледчым ізалятары КДБ як падазраваныя па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Менску ўвечары 19 сьнежня.

Як паведаміў БелаПАН Вячаслаў Сіўчык, яму на мабільны тэлефон патэлефанаваў чалавек, які прадставіўся супрацоўнікам КДБ. Ён паведаміў, што ў кватэры Сіўчыка павінен прайсьці ператрус, на што маецца адпаведная санкцыя пракурора.

Паводле зьвестках БелаПАН, у ператрусе на кватэры Уладзімера Халіпа ў якасьці панятога ўдзельнічае пісьменьнік Сяргей Законнікаў. Падрабязнасьці невядомыя.

Тэлефон Алега Волчака адключаны. Паводле непацьверджаных дадзеных, у яго таксама цяпер праходзіць ператрус.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG