Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Amnesty International: Саньнікаву патрэбна тэрміновая мэдычная дапамога


Міжнародная праваабарончая арганізацыя “Amnesty International” пачала экстранную кампанію для вызваленьня Андрэя Саньнікава.

Андрэя Саньнікава, беларускага апазыцыйнага актывіста і кандыдата ў прэзыдэнты на выбарах 19 сьнежня, катавалі ў зьняволеньні”, – піша “Amnesty International”. У сваім звароце арганізацыя спасылаецца на сьведчаньні адваката, які спаткаўся з палітыкам увечары 20 сьнежня.

“Паводле адваката, Андрэй Саньнікаў мае новыя раны і сьляды ад удараў на сваіх руках, твары і галаве, ён быў ня здольны стаяць і ледзьве мог рухацца, – адзначае “Amnesty International”. – Новыя раненьні цьвёрда наводзяць на думку, што Саньнікава зьбівалі яшчэ раз у зьняволеньні”.

Праваабаронцы выказваюць глыбокую заклапочанасьць, што Саньнікаву могуць пагражаць незваротнае пашкоджаньне мозгу і іншыя наступствы для здароўя ў тым разе, калі ён ня будзе неадкладна дастаўлены ў бальніцу. “Amnesty International” таксама заклапочана тым, што ў ізалятары, дзе ўтрымліваюць Саньнікава, яму пагражае катаваньне.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя “Amnesty International” заклікае людзей ўва ўсім сьвеце зьвярнуцца да Аляксандра Лукашэнкі з патрабаваньнямі:

неадкладна перавесьці Андрэя Саньнікава ў бальніцу, дзе ён мог бы атрымаць усю неабходную мэдычную дапамогу;

даць гарантыі, што Андрэй Саньнікаў і астатнія кандыдаты ў прэзыдэнты абароненыя ад катаваньня і кепскага абыходжаньня ў зьняволеньні;

неадкладна і без папярэдніх умоваў вызваліць Андрэя Саньнікава.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG