Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паганяйла пра паседжаньне ЦВК: Гэта быў цырк зь вядомым наперад вынікам


Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына

Сёньня Цэнтральная выбарчая камісія афіцыйна абвясьціла пераможцам прэзыдэнцкіх выбараў, якія адбыліся 19 сьнежня, Аляксандра Лукашэнку. Цэнтравыбаркам адхіліў скаргу былога кандыдата ў прэзыдэнты Рыгора Кастусёва аб прызнаньні вынікаў выбараў несапраўднымі, а таксама вырашыў не зьвяртацца да кіраўніцтва краіны з просьбай аб вызваленьні затрыманых кандыдатаў у прэзыдэнты.

На афіцыйным пратаколе выбараў, які зацьвярджае перамогу Аляксандра Лукашэнкі, згодна з законам мусяць расьпісацца ўсё сябры Цэнтральнай выбарчай камісіі з правам голасу. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына ўзяла дакумэнт у рукі і сказала: «Зараз я яго пушчу па стале, і ўсе падпішамся». У гэты момант хтосьці з запрошаных на паседжаньне камісіі сумна пажартаваў: «Вось яна, кругавая парука».

Цягам сёньняшняга паседжаньня ЦВК і сапраўды трымалася як адна адладжаная каманда. Любое галасаваньне давала адзін і той жа вынік — аднагалосна. Спачатку аднагалосна адхілілі скаргу былога кандыдата ў прэзыдэнты Рыгора Кастусёва аб прызнаньні вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў несапраўднымі. І гэтым жа галасаваньнем камісія вырашыла не зьвяртацца да кіраўніцтва краіны з просьбай аб вызваленьні затрыманых кандыдатаў у прэзыдэнты. Пасьля аднагалосна адхілілі ўсе скаргі назіральнікаў, якія патрабавалі пераліку галасоў на канкрэтных выбарчых участках.

Кіраўніца юрыдычнага аддзелу ЦВК Надзея Кісялёва, якая выступала з асноўным дакладам па скарзе Рыгора Кастусёва, заявіла, што тут няма парушэньняў, якія б паўплывалі на вынікі выбараў. А тыя парушэньня, якія пацьвердзіліся, маўляў, не вырашальныя.

Сам Рыгор Кастусёў на паседжаньне не прыйшоў. Яго прадстаўнік у ЦВК з правам дарадчага голасу Алесь Лагвінец выступіў з заявай, у якой сказаў, што ў беларусаў забіраюць права на выбары, і нагадаў, што над сябрамі ЦВК вісіць пагроза люстрацыі:

«Сёньня краіна жыве ў трагічнай сытуацыі. Ня можна сабе ўявіць, каб у дзень выбараў сем кандыдатаў у прэзыдэнты былі арыштаваныя. А пяць — па-ранейшаму знаходзяцца ў злавеснай савецкай турме КДБ. ЦВК ня мусіць праводзіць свае паседжаньні, пакуль ня будуць вызваленыя кандыдаты ў прэзыдэнты. Рыгору Кастусёву гідка было прыходзіць сюды, каб глядзець на гэту вашу цыркавую гульню.
Вашы фокусьнікі гулялі са стосамі бюлетэняў, а потым пісалі тое, што яны хацелі.


У нас няма сапраўдных выбараў. У нас нідзе камісіі ня лічаць галасы. Паглядзіце на справаздачу місіі назіральнікаў АБСЭ. Ваша фарысэйская пастанова № 95 нібыта аб рэальным назіраньні за падлікам галасоў нічога ня кажа пра зьмест бюлетэняў. Вашы фокусьнікі гулялі са стосамі бюлетэняў, а потым пісалі тое, што яны хацелі. І так рабіла абсалютная бальшыня камісіяў па ўсёй краіне».

Прадстаўнікі ў ЦВК кандыдатаў у прэзыдэнты (ад Андрэя Саньнікава — Юрась Хадыка і ад Алеся Міхалевіча — Кастусь Лукашоў) зьвярнуліся да ЦВК зь дзьвюма просьбамі: па-першае, аб прызнаньні выбраў несапраўднымі, і па-другое, аб хадайніцтве з боку ЦВК да кіраўніцтва краіны, каб вызваліць затрыманых кандыдатаў.

Так, Юрась Хадыка заявіў, што Аляксандар Лукашэнка публічна вінаваціў дэмакратычных кандыдатаў у атрыманьні грошаў з Захаду ды іншых грахах. Але дагэтуль гэтыя абвінавачваньні нікім не даказаныя:

«Гэтыя ананімныя абвінавачваньні, як і іншыя абразьлівыя і зьняважлівыя выказваньні Лукашэнкі, былі разьлічаныя на дыскрэдытацыю і дыфамацыю ягоных канкурэнтаў у вачах насельніцтва краіны. А гэта забаронена законам. Гэтыя факты, на жаль, не атрымалі адэкватнай ацэнкі з боку ЦВК. І зрабілі выбары няроўнымі і несправядлівымі. Гэта не дазваляе лічыць перамогу А.Р.Лукашэнкі легітымнай. Таму я падтрымліваю патрабаваньне Рыгора Кастусёва».

Лідзія Ярмошына сказала, што ЦВК ня будзе хадайнічаць аб вызваленьні кандыдатаў, бо калі зрабіць гэта, то ЦВК ператворыцца «ў палітыканствуючы орган». «Мы ня будзем умешвацца ў працу праваахоўных органаў», — сказала Ярмошына.

Вядомы юрыст Гары Паганяйла, які прысутнічаў на паседжаньні, сказаў «Свабодзе», што «гэта быў цырк зь вядомым наперад вынікам». Ён таксама сказаў, што Аляксандар Лукашэнка наагул ня меў права ўдзельнічаць у гэтых выбарах.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG