Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Сёньня зьявіліся зьвесткі, што органы апекі прыйшлі ў садок па трохгадовага сына Ірыны Халіп і Андрэя Саньнікава. Бабуля і дзядуля Данілы ў гэты час стаялі зь перадачамі для сваіх дзяцей ля ізалятару КДБ. Калі бабуля прыбегла па ўнука, ёй на месцы прапанавалі аформіць апеку над унукам. Але каб зрабіць гэта, трэба прайсьці складаную працэдуру афармленьня папераў, якая зойме нямала часу. Дзе гэтым часам будзе знаходзіцца хлопчык?

Я добра ведаю, як працуе дэкрэт № 18, у адпаведнасьці зь якім органы апекі могуць забіраць дзіця зь сям’і без пастановы суду. Яшчэ пару месяцаў таму, рабіўшы пра гэта перадачу для Радыё Свабода і размаўляючы зь сем’ямі, якія пацярпелі ад дзеяньня гэтага ўказу, я ў страшным сьне не магла ўявіць, што ён у поўнай меры будзе прымяняцца супраць палітычных апанэнтаў улады. Але ў адпаведнасьці з нашым законам і сапраўды жудаснай практыкай яго прымяненьня, дзяцей могуць забраць зь любога месца, зьмясціць у прытулак і нават не паведаміць пра гэта сваякам і родным. Самае горшае – што гэтымі месцамі аказваюцца дзіцячы садок, школа, паліклініка. Усе тыя ўстановы, якім мы вымушаныя давяраць сваіх дзяцей. Больш за тое – існуе плян па выкананьні дэкрэту № 18 і па спагнаньні грошай з бацькоў, якія “неадпаведна выконваюць свае бацькоўскія абавязкі”. У нашай дзяржаве лёсы дзяцей прыраўнаваныя да вытворчасьці гаек і трактароў "Беларусь", і чыноўнікі ніжэйшага ўзроўню выконваюць гэтыя пляны любымі спосабамі.

Богна Хмялеўска з Хэльсынскай фундацыі правоў чалавека тады ў размове са мною сказала, што ў Польшчы ніколі не было такога нават у самы цяжкі час і, калі ў Беларусі гэта ёсьць, трэба крычаць пра гэта на ўвесь свет. Давайце крычаць!

Прэзыдэнт Лукашэнка год таму публічна скардзіўся губэрнатару Ленінградзкай вобласьці на абразы з боку апазыцыі: “Прэзыдэнт – ідыёт і дзеці ў яго ненармальныя, махляры і прайдзісьветы. Дайшло да таго, што пяцігадовага малога скрамсалі ўздоўж і ўпоперак”. Чым жа дзеці тых 19 арыштаваных і сямі соцень затрыманых горшыя за вашых?

Няма іншага параўнаньня, як са сталінскімі дзіцячымі дамамі, крымінальнымі справамі супраць малалетніх дзяцей за шпіянаж і нясвоечасовае раскрыцьцё ворагаў – уласных бацькоў. Я ведаю гэты страх, калі аддаеш дзіця ў садок і ня пэўны, ці забярэш яго ўвечары дахаты. Нічога больш жудаснага не даводзілася перажываць.

Так ламаюць сваіх ворагаў – і нічога больш нізкага, недаравальнага, агіднага нельга сабе ўявіць.

Давайце крычаць!

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG