Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Газпром”: цана на газ для Беларусі – 230 даляраў за тысячу кубамэтраў


Расейскі газавы канцэрн “Газпром” назваў сёньня цану на газ у 2011 годзе для Беларусі.

Паведамляецца, што ў наступным годзе кошт газу для Беларусі ня будзе зьніжацца і складзе 230 даляраў за тысячу кубамэтраў. Паводле намесьніка старшыні праўленьня “Газпрому” Валерыя Голубева, рост цаны расейскага паліва для Беларусі магчымы за кошт адмены паніжальных каэфіцыентаў да сярэднеэўрапейскай цаны, зыходзячы зь якой “Газпром” разьлічвае кошт газу для Менску. У 2009 годзе гэты каэфіцыент складаў 0,8, у 2010 – 0,9, а з 2011 году будзе роўны адзінцы. У выніку Беларусь будзе атрымліваць газ па сярэднеэўрапейскай цане з вылічэньнем 30-працэнтавага расейскага экспартнага мыта на газ.

Голубеў таксама паведаміў, што з 2012 году газ для Беларусі можа патаньнець на 15%.

“Паколькі Беларусь увайшла ў адзіны Мытны саюз і Адзіную эканамічную прастору, кантракты на 2012 год будуць заключацца на іншых прынцыпах. У якасьці базавай будзе брацца сярэднеэўрапейская цана на газ мінус мыта і кошт транзыту”, – патлумачыў прадстаўнік “Газпрому”.

Сёлета Беларусь купляе расейскі газ па 185 даляраў за тысячу кубамэтраў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG