Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦВК адхіліла скаргу Кастусёва і прызнала вынікі выбараў


Цэнтравыбаркам Беларусі на сваім паседжаньні аднагалосна адхіліў скаргу былога кандыдата ў прэзыдэнты Рыгора Кастусёва аб прызнаньні вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў несапраўднымі.

Гэтым жа галасаваньнем ЦВК вырашыла не зьвяртацца да кіраўніцтва краіны з просьбай аб вызваленьні затрыманых кандыдатаў у прэзыдэнты.

З асноўным дакладам па скарзе Рыгора Кастусёва выступіла кіраўніца юрыдычнага аддзелу ЦВК Надзея Кісялёва. Паводле яе слоў, скарга, якую падаў Кастусёў, ня ўтрымлівае фактаў, якія б сьведчылі, што былі парушэньні, якія паўплывалі на вынікі выбараў. Кісялёва заявіла, што ў фактах, выкладзеных Кастусёвым, большая палова не пацьвярджае парушэньняў выбарчага заканадаўства. А тыя парушэньня, якія пацьвердзіліся, не ўплываюць на вынік галасаваньня па ўсёй краіне.

Сябра ЦВК з правам дарадчага голасу Алесь Лагвінец выступіў на паседжаньні з палітычнай заявай, у якой сказаў, што ў беларусаў забіраюць права на выбары, і нагадаў, што над сябрамі ЦВК вісіць пагроза люстрацыі.

Сябры ЦВК з правам дарадчага голасу Юрась Хадыка і Кастусь Лукашоў зьвярнуліся да ЦВК зь дзьвюма просьбамі: па-першае, аб прызнаньні выбраў несапраўднымі, і па-другое, аб хадайніцтве з боку ЦВК да кіраўніцтва краіны, каб вызваліць затрыманых кандыдатаў. На гэта старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адказала, што кандыдаты ведалі, на што ішлі, што яны ня дзеці і разумеюць, што такім вялікім натоўпам нельга кіраваць. Яна сказала, што ЦВК ня будзе хадайнічаць аб вызваленьні кандыдатаў, бо калі зрабіць гэта, то ЦВК ператворыцца "ў палітыканствуючы орган". "Мы ня будзем умешвацца ў працу праваахоўных органаў", — сказала Ярмошына.

Вынікі галасаваньня:

  • Рыгор Кастусёў 1.97%
  • Аляксандар Лукашэнка 79.65%
  • Аляксей Міхалевіч 1.02%
  • Уладзімер Някляеў 1.78%
  • Яраслаў Раманчук 1.98%
  • Віталь Рымашэўскі 1.09%
  • Андрэй Саньнікаў 2.43%
  • Мікола Статкевіч 1.05%
  • Віктар Цярэшчанка 1.19
  • Дзьмітрый Вус 0.39%
  • Супраць усіх 6.4%
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG