Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія музыкі з Польшчы запісалі песьню «Саша, сыходзь»


Шэраг беларускіх музыкаў, што жывуць і працуюць у Польшчы аб’ядналіся разам, каб выказаць сваё стаўленьне да падзеяў на Радзіме. Іх праект атрымаў назву Tim Taler, а дэбютны інтэрнэт-сынгл — «Саша, сыходзь», паведамляе музычны партал "Тузін гітоў".



СПАМПАВАЦЬ

«Мы не маглі застацца ў баку ад таго, што робіцца ў нашай краіне. Сваёй песьняй мы хочам разварушыць беларускую моладзь. Яна зроблена сур’ёзна, гэта не праект прыкалістаў-клоўнаў, што сьпяваюць на трасянцы, якіх становіцца ўсё больш», — заяўляюць удзельнікі праекту Tim Taler. Усе яны граюць у Польшчы ў ангельскамоўных і польскамоўных камандах. Ад спробаў утварыць беларускамоўны гурт яны адмовіліся. «Па-беларуску я перастаў сьпяваць, бо задзяўбло тое, што да нас, беларусаў, у Польшчы ставяцца як да нейкіх непаўнавартасных, — кажа вакаліст Tim Taler. — Ладзяць канцэрты, не таму што музыка клясная, а таму што ў нас дрэнны прэзыдэнт. А нам ня трэба, каб нас ляпалі па плячы ды шкадавалі».

Тым ня менш, на час музыкі сабраліся разам, каб запісаць беларускамоўную песьню і прадэманстраваць сваю неабыякавасьць да таго, што адбываецца на Радзіме. Праект назвалі Tim Taler, гуляючыся са словамі «team» (каманда), «талер» (беларуская валюта) і імем героя папулярнай кнігі, які прадаў свой сьмех. Музыкі кажуць, што калі іх песьня-маніфэст будзе мець розгалас, то яны могуць вярнуцца да выкананьня беларускага патрыятычнага року.
XS
SM
MD
LG