Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі сьвятар, ксёндз Юры Барок, які зараз служыць у Ізраілі, зьвярнуўся да кіраўніцтва каталіцкага касьцёлу і праваслаўнай царквы ў Беларусі з заклікам заступіцца за тых, хто пацярпеў ад гвалту 19 сьнежня. "Хіба мы ня можам зьвярнуцца і папрасіць улады, якія павінны спрыяць згодзе і паразуменьню ў грамадзтве, учыніць акт добрай волі і на дзень Божага Нараджэньня вызваліць тых, хто быў затрыманы?" — пытаецца ксёндз Юры.

Прадстаўнік праваслаўнай царквы па сувязях з прэсай айцец Яўген Сьвідэрскі на пастаўленае пытаньне адказаў гэтак:

"Ніякай афіцыйнай пазыцыі на гэты конт я сказаць не магу".

Пэўнага адказу на гэтае пытаньне не ўдалося атрымаць і ў каталіцкім касьцёле. Неафіцыйную пазыцыю каталіцкіх сьвятароў і вернікаў выказаў ксёндз Вячаслаў Барок:

"Адзін з галоўных учынкаў, які можа і абавязаны рабіць хрысьціянін, — гэта наведаць і падтрымаць вязьня, падтрымаць зьняволенага чалавека. А тым больш калі чалавек цярпіць за свае перакананьні. Я больш чым перакананы, што ў касьцёле ёсьць шмат сьвятароў і тых, хто займае нейкую пасаду ў герархіі касьцёла, шмат ёсьць звычайных вернікаў, якія гэты свой хрысьціянскі абавязак выканаюць найлепшым чынам у гэты час".

Тымчасам на патрабаваньне зьняволеных сьвятары некаторых веравызнаньняў наведаюць турмы на вуліцах Акрэсьціна і Скарыны. І, на просьбу актывістаў Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, напярэдадні сьвята Раства Хрыстовага перададуць вязьням Бібліі і, магчыма, падарункі, паведаміла сябра БХД Валерыя Чарнаморцава:

"БХД ініцыявала збор Бібліяў для вязьняў. На нашу думку, гэта лепшая кніга для чытаньня, бо тут і гісторыя, і філязофія, і Біблія вельмі важная для ўмацаваньня духу, для эвангелізацыі. Таксама мы заклікаем тых, хто ўмее сьпяваць калядкі, сабрацца а 19-й гадзіне каля турмы на Акрэсьціна, каб прасьпяваць для вязьняў калядкі".

Сьпеўныя калядкі для жанчын, зьняволеных на вуліцы Скарыны, актывісты БХД прасьпяваюць у нядзелю, 25 сьнежня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG