Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлана Алексіевіч: Нянавісьцю мы нічога не народзім


Госьця "Начной Свабоды" – пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч, якая напісала адкрыты ліст да кіраўніка Беларусі, дзе зьвяртаецца да яго як выбаршчыца і як пісьменьніца.


Соўсь: У гэтыя дні прагучала шмат гучных заяваў з асуджэньнем гвалту супраць удзельнікаў пасьлявыбарчых пратэстаў, заяваў з непрызнаньнем вынікаў выбараў. Ваш адкрыты ліст адрозьніваецца ад большасьці лістоў. Вы наўпрост не патрабуеце вызваленьня вязьняў, не заклікаеце стаць на шлях дэмакратыі і павагі да правоў чалавека. Вы разважаеце і задаеце пытаньні Аляксандру Лукашэнку як пісьменьніца і як выбаршчыца. Скажыце, калі ласка, чаму вы абралі такі шлях? Ці вы лічыце, што мова заяваў, асуджэньняў, заклікаў у выпадку з беларускім кіраўніком не спрацуе? Ці спрацуе такі разважлівы, філязофскі ліст?

Алексіевіч: Ніводзін чалавек сёньня ня можа спакойна чакаць Калядаў, калі нашы сябры сёньня недзе ў камэрах і мы, напрыклад, нічога ня ведаем пра Валодзю Някляева. Хто можа застацца ў баку ад гэтага? Мы задыхаемся ад той, нянавісьці, якой захлынуўся наш эфір, мы нічога ня знойдзем у той нянавісьці. І я, як пісьменьніца, не магла сабе дазволіць з шабляй кідацца ў чарговы раз. Мне здаецца, трэба, каб мы ўсе апамяталіся і пачалі гаварыць чалавечай мовай. З уладай трэба размаўляць. Там таксама ёсьць людзі, калісьці ж нехта пераканаў Ельцына ў 1991 годзе выпусьціць з турмы усіх яго палітычных непрыяцеляў. Нехта знайшоў нейкія словы да яго. Нам трэба гэтыя словы шукаць. Мы нічога нянавісьцю не народзім. Мы толькі расколем сваю краіну.

Соўсь
: У лісьце Лукашэнку вы параўноўваеце цяперашнія падзеі ў Беларусі з 30-ымі сталінскімі гадамі. Я цытую: “Яшчэ трохі і пачнуцца паказальныя працэсы. Навучаны натоўп будзе крычаць: "Укрыжуй яго!" Былыя паплечнікі і сябры стануць здраднікамі, студэнты будуць выдаваць сваіх прафэсараў, а прафэсары будуць выдаваць сваіх студэнтаў. Настаўнікі сваіх вучняў”.

Ці глядзелі вы хаця б фрагмэнтарна прэсавую канфэрэнцыю Лукашэнкі на наступны дзень пасьля выбараў. Я кажу не пра выступ кіраўніка Беларусі, а пра твары ў залі і пра рэакцыю чыноўнікаў на ягоны словы. Міністар аховы здароўя усьміхаецца, калі Лукашэнка зьдзекліва гаворыць пра стан здароўя зьбітага Ўладзімера Някляева. Як для пісьменьніцы вам цікавыя гэтыя людзі, якія ствараюць сьвіту Аляксандра Лукашэнкі, якія забясьпечваюць яму ўладу? Ці вы хацелі б напісаць пра іх? Ці хацелі б пранікнуць і іх галовы?

Алексіевіч: Я слухала гэтую прэс-канфэрэнцыю. І мне было сорамна. Сорамна і за тых, хто сядзеў у зале і слухаў гэта, мне было сорамна за прэзыдэнта. Як пісьменьніца я хацела б ведаць, якім чынам людзі не разумеюць, што робяць. Бо ёсьць гісторыя, ад яе нікуды не падзецца. У іх жа растуць дзеці. Усім вядомыя гэтыя імёны. Я была разгубленая перад тым, што ў нас няма пачуцьця ўласнай годнасьці, перад тым наколькі слабая чалавечая прырода. Гэта было непрыемнае відовішча.

Слухаць гутарку цалкам:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG