Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У арыштаванага Аляксандра Класкоўскага — два сыны і дачка


Бойкі са сьпецназам на плошчы Незалежнасьці
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:36 0:00
Наўпроставы лінк

Аляксандар Класкоўскі на плошчы Незалежнасьці.

У сьпісе 19 арыштаваных, якіх утрымліваюць у КДБ, ёсьць і Аляксандар Класкоўскі — 32-гадовы былы лейтэнант міліцыі, які ўдзельнічаў у мітынгу на плошчы Незалежнасьці на баку тых, хто пратэставаў супроць вынікаў выбараў. Што зараз з Аляксандрам Класкоўскім?


Паводле бацькі затрыманага, журналіста Аляксандра Класкоўскага, ягонага сына-цёзку па-ранейшаму трымаюць у ізалятары КДБ. Сваякам невядома, ці сапраўды працягнулі Аляксандру Класкоўскаму-малодшаму тэрмін утрыманьня, бо адвакат Ірына Бурак зь ім яшчэ не сустрэлася.

«Як я зразумеў сытуацыю, яна пакуль ня можа ўключыцца ў сьледчыя дзеяньні бяз згоды з таго боку. А там, відаць, занятыя, бо канвэер вялікі. У выніку я пэўна не магу ведаць месца ягонага знаходжаньня, па-другое, не магу перадаць яму перадачу. Магчыма, ён пазбаўлены самага элемэнтарнага: брытвы, зубной пасты і гэтак далей».

Былы лейтэнант міліцыі Аляксандар Класкоўскі 19 сьнежня ўдзельнічаў у мітынгу на плошчы Незалежнасьці і быў там моцна зьбіты амапаўцамі. На відэаздымках зь месца падзеяў відаць, як чалавек у міліцэйскай форме пад цывільнай курткай, з крывёю на галаве, уступае ў спрэчкі з былымі калегамі. Зь якой мэтай ён прыйшоў на плошчу, жонка Натальля дакладна ня ведае, мяркуе — гэта быў парыў ягонай душы.

«Такі момант быў: ён прыйшоў увесь у крыві, я пачала апрацоўваць валасы, раны. Было не да таго, каб высьвятляць, чаму. А раніцай ён зьехаў па сваіх справах. А калі вярнуўся, толькі пасьпеў вымыць рукі і пераапрануцца — як гэта пачалося».
А калі вярнуўся, толькі пасьпеў вымыць рукі і пераапрануцца — як гэта пачалося.


Як мяркуе Натальля, у іх кватэру ўварваліся супрацоўнікі спэцслужбаў: узламалі дзьверы, гаспадара кватэры зьбілі з ног, пабілі, рукі ўзялі ў кайданкі. «Дзякуй Богу, дзяцей дома не было», — кажа Натальля. Дзяцей у Класкоўскіх трое: два сыны і дачка, ім ад 2 да 11 гадоў. Дзеці дагэтуль ня ведаюць, што з татам і дзе ён — ім пакуль нічога не паведамляюць.

На наступны дзень пасьля арышту на сайце МУС зьявілася відэапакаяньне былога лейтэнанта, у якім той просіць прабачэньня ў былых калегаў, зь якімі яго зьвёў лёс на плошчы.

Былы маёр міліцыі Сяргей Парсюкевіч зь Віцебску мяркуе, што Аляксандар Класкоўскі паводзіў сябе на плошчы ня так, як трэба: ня меў права апранаць міліцэйскую форму і ўжываць абразы. Пакаяньне Класкоўскага ён тлумачыць ня толькі тым, што той адумаўся:

«Прэсанулі яго фізычна пры затрыманьні, і, магчыма, пазьней таксама. А потым патлумачылі, што яму сьвеціць. І, магчыма, сказалі, што калі зробіш пакаяньне, то будзе тое і тое. Хаця, мяркую, падмануць. Ім дакладна ня трэба верыць. Падмануць напэўна».

Аляксандар Класкоўскі скончыў юрыдычную вучэльню, працаваў у ДАІ, даслужыўся да лейтэнанта, некалькі гадоў таму звольніўся. Апошнім часам займаўся аўтаперавозкамі.

Тым часам ГУУС Менску паведамляе:

«Сьледчым упраўленьнем папярэдняга расьсьледаваньня ГУУС Менгарвыканкаму арыштаваныя 19 асобаў, падазраваных у датычнасьці да ўчыненьня злачынства, прадугледжанага артыкулам 293 КК РБ (масавыя непарадкі). Усе падазраваныя ўтрымліваюцца пад вартай у сьледчым ізалятары КДБ Рэспублікі Беларусь. Праводзяцца сьледчыя дзеяньні».

Шостым у сьпісе арыштаваных пазначаны Класкоўскі Аляксандар Аляксандравіч, 1978 году нараджэньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG