Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Захаваць здароўе ў турме


Згодна з дэклярацыяй "Аб ахове здароўя ў турмах", якую прынялі ў 2003 годзе адказныя прадстаўнікі пэнітэнцыярных сыстэм і сыстэм аховы здароўя эўрапейскіх краін, уключна зь Беларусьсю, пазбаўленьне чалавека волі — гэта ўжо само па сабе пакараньне, і дадатковых пакараньняў, у тым ліку і ў выглядзе прычыненьня шкоды здароўю вязьня, не патрабуецца.

Тым ня менш час, праведзены ў беларускіх вязьніцах, істотна адбіваецца на здароўі асуджанага. Асабліва гэта тычыцца прадстаўнікоў маргіналізаваных слаёў насельніцтва, а таксама людзей, якія трапілі ў турэмныя ўстановы з траўмамі, вострымі і хранічнымі захворваньнямі. Сярод апошняй катэгорыі арыштантаў шмат так званых "палітычных".
У Беларусі няма аніводнай турмы, якая б адпавядала стандартам УААЗ што да інфэкцыйнага кантролю.

На форуме, дзе былыя зьняволеныя дзеляцца парадамі, як выжыць у турмах былога СССР, можна сустрэць наступныя засьцярогі: "Галоўнае — імкнуцца пазьбегнуць удараў у сьпіну, там, дзе лёгкія". На такія ўдары, па словах удзельнікаў форуму, добрыя майстры — спэцназаўцы, якіх былыя вязьні называюць "маскі-шоў". Вось яшчэ цытата з форуму: "Траўмаваныя зьняволеныя трапляюць у "бальнічку", дзе ўсе сьцены набраклі рознай заразай. Моцна пакалечаны чалавек можа падхапіць любую інфэкцыю".

Як адзначаецца ў дакумэнтах ААН, пакуль у Беларусі няма аніводнай турмы, якая б адпавядала стандартам Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя (УААЗ) што да інфэкцыйнага кантролю.

Зьвязана гэта з гістарычнай асаблівасьцю пэнітэнцыярных устаноў Беларусі. Яны маюць не пакамэрную, як у цывілізаваным сьвеце, а атрадную сыстэму ўтрыманьня. Атрад — гэта некалькі дзясяткаў чалавек, якія знаходзяцца ў адным памяшканьні. Пры такой цеснаце, адзначаюць экспэрты ААН, заражэньне інфэкцыйнымі захворваньнямі можа ісьці вельмі шпарка.

Як сьведчыць адзін з супрацоўнікаў беларускай Генпракуратуры, які быў асуджаны на пяць гадоў пазбаўленьня волі, калі ён быў у падвальным памяшканьні менскага СІЗА, камэра была перапоўненая. Людзям, сярод якіх было нямала хворых, даводзілася спаць проста на бэтоннай падлозе, прыціснуўшыся адзін да аднаго — адпаведна, сярод іх хутка распаўсюджваліся інфэкцыі.
У многіх з тых, хто трапіў у СІЗА 20 сьнежня, зламаныя рукі, ногі, рэбры, парваныя зьвязкі.

Цяпер, пасьля масавых затрыманьняў 19 і 20 сьнежня, менскія СІЗА, дзе нейкі час было "пуставата", зноў перапоўненыя. Паводле прадстаўнікоў праваабарончага цэнтру "Вясна", шмат каго з затрыманых даставілі ў сьледчыя ізалятары цяжка зьбітымі. У людзей скалечаныя рукі, ногі, паламаныя рэбры, парваныя зьвязкі. Паведамляецца, што цяжкія траўмы, аж да пераломаў канечнасьцяў, атрымаў экс-кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Саньнікаў.

Хоць беларускі грамадзін мае канстытуцыйнае права на ахову здароўя, у тым ліку і ў турэмных установах, праваабаронцы адзначаюць нізкую якасьць мэдычнай дапамогі ў вязьніцах, яе несвоечасовасьць, агульны недахоп кваліфікаваных спэцыялістаў, мэдыкамэнтаў, абсталяваньня.

Тым, хто трапіў у СІЗА з траўмамі, мэдыкі раяць найперш паспрабаваць дапамагчы самім сабе:

ПРЫ ТРАЎМАТЫЧНЫХ БОЛЯХ вельмі дапамагаюць простыя кампрэсы. Бяруць кавалак тканіны, ручнік альбо хустку, складаюць у 8—10 разоў і прамакаюць траўмаванае месца цёплай ці халоднай вадой.

ПРЫ РАСЬЦЯГНЕНЬНІ ЦЯГЛІЦ, сухажыльляў або вывіхах нагі ці рукі трэба апусьціць канечнасьць у ёмістасьць з вадой пакаёвай тэмпэратуры і пратрымаць так прыкладна гадзіну. Таксама можна накласьці халаднаваты водны кампрэс і зафіксаваць яго на суставе. Перавязаць сустаў або частку цела, так, каб рух быў немагчымы, але не занадта туга. Праз суткі трэба зрабіць на тым жа месцы гарачы кампрэс.
Экспэрт ААН: "Заражэньне сухотамі не ўваходзіць у "пакет" асуджанага, аднак верагоднасьць яго вельмі высокая.

ПРЫ ГАЛАЎНЫХ БОЛЯХ, НЕСПАКОЙНЫМ СЬНЕ ад страсеньня мозгу трэба выпіць нанач шклянку гарачай вады, а потым накласьці халодны кампрэс на заднюю частку шыі і патыліцы або зрабіць кругавую павязку з салёнай вадой на лоб і патыліцу. Пры няспынным болі, калі баліць уся галава, можна намачыць шкарпэткі, выціснуць іх, надзець на ногі, а зьверху надзець яшчэ пару сухіх шкарпэтак і так спаць.

ПРЫ КРЫВАЦЁКУ З НОСУ трэба накласьці халодны водны кампрэс на патыліцу. Носам час ад часу можна ўцягваць халаднаватую салёную ваду. Дапамагае ў гэтым выпадку і сьнег або анучка з халоднай вадой, прыкладзеная да пераносься.

ПРЫ ПЕРАЛОМАХ, калі ёсьць падручныя сродкі, трэба накласьці шыну. Напрыклад, калі зламаная фалянга пальца — падкласьці пад гэты палец лыжку і прывязаць яе бінтам да пальца, каб не згінаўся. Пры пераломе тазавых костак хвораму трэба прыняць "позу жабы" — ногі сагнуць у каленях і разьвесьці ў розныя бакі як мага шырэй. Пры пераломе шыйкі сьцягна зрабіць тое ж самае — ногі разьвесьці ў бакі: так хвораму будзе лягчэй ляжаць.

ПЕРАЛОМЫ РЭБРАЎ ніяк ня лечацца. Рэбры гояцца самі. Трэба прымаць болесуцішальныя сродкі і што-небудзь ад кашлю, каб не траўмаваць лёгачную тканку. Трэба таксама імкнуцца не рабіць рэзкіх рухаў. Можна зрабіць тугую павязку на грудную клетку, выкарыстоўваючы для гэтага шырокі ручнік. Часам пры пераломах рэбраў лёгачная тканка таксама бывае пашкоджана.

ПРЫ НЯСПЫННЫМ КАШЛІ трэба настойваць на кваліфікаваным аглядзе спэцыялістам-фтызіятрам. Як адзначае прадстаўнік ААН/ПРААН у Беларусі Антоніюс Брук, "заражэньне сухотамі не ўваходзіць у "пакет" беларускага асуджанага. Аднак рызыка атрымаць такое захворваньне ў беларускіх вязьніцах — вельмі высокая".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG