Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі ПЭН-цэнтар выказаў глыбокую занепакоенасьць лёсам Уладзімера Някляева і іншых затрыманых беларускіх палітыкаў.

Украінскі цэнтар Міжнароднага ПЭН-клюбу заявіў, што “з абурэньнем успрыняў факт зьбіцьця і затрыманьня беларускімі ўладамі вядомага паэта Ўладзімера Някляева, віцэ-прэзыдэнта Беларускага цэнтру Міжнароднага ПЭН-клюбу”.

“Ва Ўкраіне добра ведаюць Някляева як аднаго з найлепшых сучасных беларускіх творцаў, чыя праца годна прэзэнтуе Беларусь у сьвеце. Таксама яна, як і біяграфія мастака, цесна зьвязаная з Украінаю. Зусім нядаўна Някляеў прыяжджаў у Кіеў, менавіта цяпер у выдавецтве “Смолоскип” рыхтуецца да друку яго кніга вершаў “Кон”, перакладзеная на ўкраінскую мову”, – гаворыцца ў адозьве Ўкраінскага цэнтру Міжнароднага ПЭН-клюбу.

“Хартыя ПЭНу “прадугледжвае імпэратыў свабоды крытыкаваць ўрады, адміністрацыі і інстытуты”, і мы, што падтрымліваем гэтую Хартыю, адстойваем права беларускай апазыцыі даносіць сваё слова да грамадзянаў сваёй краіны, хоць пры гэтым ня маем палітычных прэфэрэнцыяў і не становімся на бок ніводнай з палітычных групаў”, – пішуць аўтары звароту.

Яны заклікаюць “спыніць жорсткія рэпрэсіі і гарантаваць грамадзянскія свабоды ўсім актывістам апазыцыі, журналістам і выбарнікам”. “Толькі захаваньне законнасьці, прызнаньне правоў апазыцыі і дыялёг зь ёю дазволяць гаварыць пра Беларусь як пра дэмакратычную дзяржаву”, – адзначаецца ў звароце.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG