Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сурыкаў: Мядзьведзеў не павіншаваў Лукашэнку, бо няма вынікаў выбараў


Расейская палітычная эліта раскалолася ў ацэнках вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Хтосьці называе паход дзейнага кіраўніка дзяржавы на чацьвёрты тэрмін цалкам чаканым, іншыя лічаць, што Аляксандар Лукашэнка чарговым разам скраў у беларусаў перамогу, пазбавіўшы іх выбару.


Амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў адносна мінулых выбараў заявіў, што перамога Аляксандра Лукашэнкі — цалкам лягічная. На яго думку, электаральнае поле — пэнсіянэры, сельскае насельніцтва, войска, праваахоўная сыстэма — забясьпечвае дзейнай уладзе 50-55%. Плюс частка інтэлігенцыі, моладзі. Як выказаўся Сурыкаў, «мы чакалі за 70% за Лукашэнку, так і адбылося». Дыплямат перакананы, што падобны расклад разумела і апазыцыя:

«Ад самага пачатку стаўка рабілася на Плошчу. Яны разумелі, што ня могуць выйграць, таму была спроба правесьці варыянт „жоўты“, „памаранчавы“, які заўгодна. А галоўная мэта, напэўна, „засьвяціцца“ ў непрызнаньні Захадам выбараў у Беларусі. Чым гэта скончылася — вы ведаеце, бо на плошчу ішлі любым шляхамі, нават не запытаўшыся права на правядзеньне мітынгу, ніхто гэтым нават не азадачыўся. Мы ўсё разумеем, можам паспачуваць людзям, якія ў выніку пацярпелі. Але само па сабе зьяўленьне чалавека на несанкцыянаваным мітынгу — гэта ўжо адміністратыўнае парушэньне.
Мы чакалі за 70% за Лукашэнку, так і адбылося.
Выбары цалкам чаканыя, як і іх вынікі. Трэба ўмець ствараць і структураваць партыі. Каб у партыі былі ня толькі вярхі і побач нейкія групы аднадумцаў, а былі абласныя, раённыя і нізавыя ячэйкі, дзе магла б весьціся агітацыя сярод выбарцаў. Прычым, пастаянна, а ня толькі ў год выбараў».

Між тым Сурыкаў адзначыў, што напярэдадні самых чаканых у годзе сьвятаў беларускім уладам трэба было б праявіць міласэрнасьць і зьмякчыць пакараньне затрыманым.



Некалькі дзён таму прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў досыць асьцярожна пракамэнтаваў выбарчую кампанію ў суседняй краіне, сказаўшы, што гэта ўнутраная справа Беларусі. Спадар Сурыкаў пацьвердзіў, што віншаваньняў на адрас Лукашэнкі з боку Крамля няма, але патлумачыў гэта тым, што Цэнтравыбаркам яшчэ не агучыў канчатковыя лічбы волевыяўленьня беларусаў.

Агульная танальнасьць камэнтароў расейскіх палітыкаў адносна выбараў у Беларусі стрыманая. Задавальненьне выказаў хіба што даўні сябра Лукашэнкі, лідэр расейскіх камуністаў Генадзь Зюганаў. Дэмакратычныя дзеячы салідарныя зь беларускай апазыцыяй у тым, што агучаныя ЦВК лічбы сфальсыфікаваныя на карысьць Лукашэнкі. Найбольш радыкальным аказаўся віцэ-сьпікер Дзяржаўнай думы Ўладзімер Жырыноўскі. Напярэдадні ў інтэрвію тэлеканалу «Белсат» ён спрабаваў заклікаць Лукашэнку да сумленьня:

«Ну нельга сядзець колькі ўжо — 17 гадоў? Яшчэ пяць — гэта 22, потым яшчэ пяць — 27. І гэтак жа бясконца! Бо тармазоў няма ў яго. А існуюць жа праблемы. Зь якой радасьці мы павіны карміць Беларусь? Ён ілжэ, калі гаворыць, што гэта ўсё ягоныя дасягненьні. Кожны год 5 мільярдаў даляраў даем, мы іх адрываем у нашых грамадзянаў. Украіне тое ж самае будзем даваць, бо там украінскі Лукашэнка — Януковіч. І будзем зараз утрымліваць вас усіх. За якія заслугі?».

Жорстка выказаўся Жырыноўскі і адносна вынікаў выбараў. На яго думку, Лукашэнка нават пры самых лепшых умовах ня мог набраць больш за 30%:

«Дрэнныя выбары, ён прайграў. Рэальна за яго прагаласавала 30%. Гэта ўсясьветная практыка: любая ўлада можа набраць траціну. Але ніводнага голасу больш. Таму мусіць быць другі тур, і ў другім туры ён павінен быў прайграць, бо ўсе аб’ядналіся б пад адзінага кандыдата, які таксама выйшаў бы ў другі тур. Лукашэнка ўвогуле не павінен быў удзельнічаць у выбарах, і гэта было б самае лепшае. Хопіць галаву дурыць, сумленьне ж трэба мець. Зараз ён павінен сысьці, ніякай інагурацыі, абвясьціць новыя выбары і сам у іх больш ня ўдзельнічаць. Гэта зь яго боку быў бы самы лепшы ўчынак, быў бы падарунак і беларускаму народу, і расейскаму».





Першы і апошні прэзыдэнт Савецкага Саюзу Міхаіл Гарбачоў зьвярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай аб вызваленьні журналісткі Ірыны Халіп. Крытычныя сюжэты пра разгон мірнай акцыі апазыцыі 19 і 20 сьнежня штодня дэманструюць расейскія тэлеканалы. Нягледзячы на тое, што стаўленьне ўладаў Расеі да ўнутранай апазыцыі таксама досыць радыкальнае, аднак, падкрэсьліваюць расейскія мэдыі, цяжка знайсьці яшчэ прыклад, каб палова кандыдатаў у прэзыдэнты скончыла выбарчы маратон у турме. Дарэчы, 24 сьнежня на НТВ заплянаваная адмысловая перадача, прысьвечаная Плошчы.

Адгукнуліся на беларускія падзеі і прадстаўнікі расейскай культуры. Вядомы паэт Яўген Еўтушэнка зьвярнуўся празь Першы расейскі канал да беларускіх уладаў у абарону Ўладзімера Някляева. Сёньня ж у калектыўным лісьце прадстаўнікі расейскага шоў-бізнэсу запатрабавалі ад беларускіх уладаў вызваліць усіх затрыманых падчас акцыі 19 сьнежня. Ужываньне сілы і гвалт асудзілі кіраўнік гурту «ДДТ» Юрый Шаўчук, рэпэр NOIZE MC, удзельнікі гуртоў «НАИВ», «Элизиум», «Тараканы» ды іншыя. Ад беларусаў ліст падпісаў лідэр каманды «Ляпис Трубецкой» Сяргей Міхалок.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG