Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Каляды ў Празе будуць маліцца за беларускі народ


На Каляды праскія беларусы зьбяруцца на каляднае набажэнства ў царкве сьвятых Кузьмы і Дзям’яна, дзе таксама адбудзецца і адмысловая малітва за беларускі народ.

У інтэрвію Радыё Свабода кіраўнік праскага душпастырства, уніяцкі сьвятар айцец Андрусь Абламейка паведаміў, што ў суботу, 25 сьнежня, аб 11-й гадзіне ў праскай царкве сьвятых Кузьмы і Дзям’яна адбудзецца ўрачыстая калядная Літургія, а пасьля яе – у суседняй з царквой тэатральнай залі кляштару бэнэдыктынцаў – пройдзе тэатралізаваны паказ: калядная містэрыя для дзяцей, сьвяты Мікола, раздача падарункаў, пачастунак з глінтвэйнам і слодычамі для бацькоў і дарослых.

У нядзелю, 26 сьнежня, аб 11-й гадзіне ў царкве сьвятых Кузьмы і Дзям’яна айцец Андрусь адслужыць адмысловае набажэнства за беларускі народ, які ў няпростых умовах сустракае Каляды-2010.

Адрас царквы сьвятых Кузьмы і Дзям’яна – Vyšehradská 49, Praha 2. Уваход з вуліцы Na Slovanech.

У інтэрвію Радыё Свабода Андрусь Абламейка таксама сказаў:

“Мы, беларусы, ужо больш за тысячу гадоў зьяўляемся хрысьціянскім народам. Для большасьці з нас маральныя, грамадзкія і асабістыя каштоўнасьці – гэта хрысьціянскія каштоўнасьці. Таму адраджэньне нашага народу і асабістае адраджэньне кожнага чалавека немагчымае без Хрыста. Дык давайце запросім Хрыста ў наша жыцьцё. Падзелімся з бліжнімі Добрай Навіной, якая больш як дзьве тысячы гадоў застаецца актуальнай – Навіной прыйсьця Хрыста ў сьвет. Хай кожная беларуская сям’я адкрые дзьверы нашаму Збаўцу. А самае галоўнае – хай кожны нават самы адзінокі чалавек у гэтыя дні адчуе нашу любоў, і хай гэтая любоў будзе адлюстраваньнем Боскай прысутнасьці ў нашым жыцьці”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG