Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі ўжо слова не паможа, дай па руках, плясьні па задніцы, але ніколі ня бі па галаве. Гэтаму правілу выхаваньня дзяцей вучаць маладых бацькоў старэйшыя. Па галаве – ніколі. Частка бацькоў біцьцё дзяцей не прымае прынцыпова. Гэтае самае правіла ў дачыненьнях са сваімі грамадзянамі пераймае кожная нармальная дзяржава.

У дзень выбараў дзейных кандыдатаў у прэзыдэнты сурова білі. Найперш па галаве. Ня даўшы апрытомнець, Някляева і Рымашэўскага выцягнулі з бальніцы і кінулі на нары. Там жа знаходзіцца зьбіты на горкі яблык Саньнікаў. Кастусёва, якому таксама “надавалі па галаве”, гадзінамі мучаць у КДБ на допытах. За жыцьцё Статкевіча, які за кратамі галадае, баяцца яго паплечнікі.

“Хіба яны не мужыкі?” – кажа Лукашэнка сходу, які ўхвальным гулам рэагуе на абяцаньне, што і надалей суд іх верагодна пасадзіць. Ад гэтага гулу шэрхнуць жылы. Жаўцее каляндар. А што ж мужык-пераможца адразу пасьля выбараў ня выйшаў у абдымкі да свайго народу, які высыпаў на Плошчу?

Людзей білі перш за ўсё па галовах. Я не магу падлічыць, колькі іх можа быць разьбіта. БЕЛТА кажа, што ў шпіталь МУС, у прыватнасьці, патрапіў 91 чалавек, зь іх 85 супрацоўнікаў міліцыі і салдатаў, а таксама 6 цывільных. У асноўным з чэрапна-мазгавымі траўмамі, пашкоджаньнямі суставаў, наступствамі ўдараў у грудную клетку. Тлумачэньне такой колькасьці пацярпелых міліцыянтаў можа быць у тым, што многія зь іх былі ў цывільным і свае пабілі сваіх. Але колькі грамадзянскіх галоваў разьбіта? Калі за разьбітыя дзьверы Дому ўраду пагражае да 15 гадоў, то колькі каштуюць разьбітыя галовы? Кроў людзкая не вадзіца.

Пасьля крывавага пабоішча міністар Куляшоў заяўляе, што Саньнікаў і Някляеў “абсалютна здаровыя, абсалютна нармальна, камфортна сябе адчуваюць”. Трэба пашырыць карціну: з машын аўтазакаў, з-за сьценаў турмаў і ізалятараў нясуцца ўсхліпы шчасьця дзясяткаў зьлёгку траўмаваных, але абсалютна здаровых людзей. Дактары маўчаць. Поўны камфорт.

Калі літоўскі пасол убачыў, як на плошчы Незалежнасьці зьбіваюць беларускіх дзяўчат, ён кінуўся пад дубінкі іх бараніць. Дзяўчат і жанчын білі нават калі яны падалі і прасілі літасьці. Золатагаловую Ірыну Халіп – галавой аб шыбіну аўтамабіля.

“Хіба яны не мужыкі?”

Сваіх дзяцей, як і сваіх грамадзянаў, ня б’юць па галаве. Бацьку, які парушыў гэта спрадвечнае правіла – пазбавіць бацькоўскіх правоў. Давайце ўжо выберам Маці. Ірыну Халіп – у прэзыдэнты!
  • 16x9 Image

    Алена Ціхановіч

    Родам з Койданава, ці Дзяржынску. У раньнія 90-я пачала супрацоўніць са «Свабодай», вэтэраны якой абралі яе пазьней «голасам радыё».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG