Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сурыкаў заявіў пра магчымасьць зьніжэньня цэнаў на газ для Беларусі


Аляксандар Сурыкаў

Аляксандар Сурыкаў

Амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў заявіў, што для расейскага боку перамога Аляксандра Лукашэнкі на выбарах была чаканай.

"Чаканыя выбары, чаканая перамога Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Вы павінны самі гэта разумець, калі зірняце на электаральнае поле Беларусі", — заявіў амбасадар на прэс-канфэрэнцыі ў Менску ў чацьвер.

"Пэнсіянэры, сельскае насельніцтва, войска, праваахоўная сыстэма — гэта прыкладна 55-57% галасоў. Частка працоўных прадпрыемстваў, частка інтэлігенцыі, частка моладзі, частка малога бізнэсу і гэтак далей. Мы чакалі далёка за 70% галасоў, яно так і адбылося", — сказаў А. Сурыкаў.



"Нам усё было зразумела з самага пачатку па выніках выбараў", — адзначыў ён. Гэта, па яго словах, "было зразумела і апазыцыйным кандыдатам з самага пачатку абсалютна". "Але ад самага пачатку стаўка апазыцыі рабілася на Плошчу", — заявіў амбасадар.

"Апазыцыя разумела, што ня можа выйграць, і была спроба правесьці варыянт" жоўтай", "аранжавай" ці якой хочаце рэвалюцыі. А галоўнае, засьвяціцца ў непрызнаньні Захадам выбараў у Беларусі. На плошчу ішлі любымі шляхамі, нават не запытаўшы права на правядзеньне мітынгу. Нават аб гэтым ніхто не паклапаціўся", — адзначыў А. Сурыкаў.

"Таму мы ўсе разумеем, можам спачуваць людзям, якія ў выніку гэтага пацярпелі", — заявіў расейскі амбасадар.

Адначасна, як падае “Інтэрфакс”, А.Сурыкаў заявіў пра магчымасьць зьніжэньня цэнаў на газ для Беларусі ў 2011 годзе і паабяцаў цалкам задаволіць патрэбы Беларусі ў бязмытнай нафце.

“Паміж энэргетычным блёкам беларускага ўраду і нашым ідуць перамовы аб магчымым зьніжэньні цаны на газ у 2011 годзе ў выпадку зашкальных цэнаў на нафту”, – паведаміў А.Сурыкаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG