Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Свавольства сёньня ў модзе, адзначае манрэальскае выданьне Le Devoir. У Іране кінарэжысэра Джафара Панахі асуджаюць на шэсьць гадоў турмы, у Беларусі аўтакрат выхваляецца, што за 48 гадзін пасадзіў за краты 639 чалавек, якім за адзін удзел у маніфэстацыі пратэсту пагражае ад 5 да 15 гадоў турмы.

"Падзеі ў Беларусі дэманструюць, што Лукашэнка зноў зьмяніў пазыцыю. Дакладней, вырашыў аддаліцца ад Эўразьвязу, які чапляўся да яго са сваімі размовамі пра дэмакратыю, прававую дзяржаву і гэтак далей, каб зноў наблізіцца да Расеі", — адзначае аглядальнік выданьня.

Le Devoir прыводзіць словы зь інтэрвію іранскага кінэматаграфіста Панахі французскай Le Monde: "Правы чалавека парушаюцца ў Іране ўжо трыццаць гадоў, але ніколі нічога падобнага цяперашнім падзеям не адбывалася. Тут немагчыма дыхаць, людзі адчуваюць, што імі пагарджаюць. А пагарда і прыніжэньне — самае страшнае для чалавека. Гэта можа цалкам вывесьці сытуацыю з-пад кантролю".

Як адзначаюць аглядальнікі, гэтыя ж словы можна прымяніць і да Беларусі.

Тым часам нямецкая "Die Welt", аналізуючы палітыку Лукашэнкі, выказвае меркаваньне, што дыктатар, мяркуючы па ўсім, будзе зрушаны са сваёй пасады эканомікай.

Як адзначае нямецкая "Die Welt", “у той час, як Іран, Вэнэсуэла і Кітай накіравалі віншаваньні Аляксандру Лукашэнку ў сувязі з чарговай "перамогай” на прэзыдэнцкіх выбарах, кіраўніцтва эўрапейскіх краін шакаванае як самімі выбарамі і падзеямі пасьля іх, так і правалам нядаўняга збліжэньня зь Менскам. Яшчэ два з паловай месяцы таму ЭЗ праз суседа Беларусі Польшчу даў зразумець, што Лукашэнка можа атрымаць 3 мільярды эўра ў выглядзе фінансавай дапамогі, калі будзе заўважаны прагрэс пры правядзеньні выбараў.

Пасьля доўгіх гадоў дыстанцыяваньня ЭЗ ад рэжыму, гэта быў пік асьцярожнага збліжэньня, якое адбывалася на тле складаных зносінаў Беларусі зь яе фінансавым спонсарам Расеяй. Паварот Менску да Масквы за некалькі дзён да выбараў, калі Расея нечакана дамовілася зь Беларусьсю аб стварэньні адзінай эканамічнай прасторы, і дазволіў Лукашэнку, як мяркуюць экспэрты, ужыць жорсткія захады 19 сьнежня, не клапоцячыся пра рэакцыю на гэтыя падзеі з боку ЭЗ.

Цяпер, у сувязі зь нядзельнымі падзеямі, эўрапейская дапамога знаходзіцца, мякка кажучы, пад пытаньнем. Хоць ЭЗ пакуль яшчэ ня выказаў сваёй пазыцыі адносна 3-х мільярдаў, а толькі запатрабаваў вызваліць затрыманых удзельнікаў дэманстрацыі.

Дамовіўшыся з Расеяй, Лукашэнка забясьпечыў сабе перадышку. Аднак, адзначае нямецкае выданьне, тым ня менш, ён мае вялікую патрэбу ў новых мільярдах.

Пачынаючы ад 2011 году, Лукашэнка павінен будзе плаціць вялікія працэнты за крэдыты. Бо дагэтуль займаў грошы паўсюль, дзе толькі мог. Кітай пастаўляе тавары ў доўг, тое ж самае робіць Вэнэсуэла. На пачатку эканамічнага крызісу ў гэтую гульню ўступіў і МВФ і выдаў Беларусі зь яе дзесяцьцю мільёнамі жыхароў амаль 3 мільярды даляраў. Аднак гэтая праграма скончылася ў сакавіку, бо Лукашэнка ў выпадку яе працягу мусіў быў бы адмовіцца ад папулісцкага павышэньня заробкаў і пэнсій напярэдадні выбараў. Таксама ён замарозіў і ўзгодненую праграму прыватызацыі.

Як лічаць экспэрты, крытычны момант для Лукашэнкі настане ў 2012 годзе. Менавіта тады будзе ўведзены ў эксплюатацыю новы трубаправод, вядучы ў расейскі порт Усьць-Луга, разьмешчаны на ўзьбярэжжы Балтыйскага мора. Гэты трубаправод пабудаваны для таго, каб абыйсьці Беларусь як транзытную краіну. Такім чынам, беларускі кіраўнік будзе пазбаўлены крыніцы важных экспартных даходаў. “Апошні дыктатар Эўропы, мяркуючы па ўсім, будзе хутчэй зрушаны са сваёй пасады эканомікай, чым слабой апазыцыяй”, адзначае Die Welt.

Нямецкія выданьні таксама інфармуюць чытачоў пра тое, што амбасадар Беларусі ў Бэрліне быў выкліканы на размову ў нямецкае МЗС. Як заявіў міністар Гіда Вэстэрвэле, "тыя, хто маніпулююць выбарамі і масава кідаюць у турмы людзей, якія жадаюць скарыстацца сваім правам на свабоду слова і свабоду сходаў, ня ёсьць партнэрамі для ЭЗ”.

У гэтай сувязі нямецкая дэпутатка ад парлямэнцкай фракцыі зялёных Марылюіза Бек у інтэрвію выданьню Weser-Kurier адзначыла: "Мы павінны пакласьці канец цяперашняй практыцы выдачы візаў, якія насамрэч пазбаўляюць маладых людзей магчымасьці выезду на Захад. З улікам усё большага прыгнечаньня дэмакратычных сілаў у Беларусі менавіта будучым элітам неабходны кантакт з Захадам. Дагэтуль жа ЭЗ толькі дапамагаў Лукашэнку рабіць беларускае грамадзтва закрытым”. Паводле нямецкай парлямэнтаркі, такая візавая палітка толькі падтрымлівае аўтарытарны рэжым.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG