Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя не выбачаецца перад журналістамі


Прадстаўнікі міліцыі адмовіліся папрасіць прабачэньня за зьбіцьцё журналістаў міліцыяй падчас акцыі апазыцыі 19 сьнежня.

Прадстаўнікі МУС і ГУУС Менгарвыканкаму, якія адказваюць за ахову правапарадку, адмовіліся публічна папрасіць прабачэньня за зьбіцьцё журналістаў супрацоўнікамі міліцыі 19 сьнежня падчас акцыі апазыцыі ў Мінску.

Такая прапанова паступіла ад журналістаў першаму намесьніку начальніка ўпраўленьня аховы правапарадку і прафіляктыкі МУС Аляксандру Барсукову і намесьніку начальніка ГУУС Менгарвыканкаму Ігару Яўсееву на прэс-канфэрэнцыі 23 сьнежня.

Барсукоў у адказ заявіў, што дадзеная тэма не зьяўляецца тэмай прэс-канфэрэнцыі — сустрэча з журналістамі прысьвечана пытаньням забесьпячэньня грамадзкай бясьпекі ў дні калядных і навагодніх сьвятаў.

Па гэтай жа прычыне прадстаўнікі МУС і ГУУС адмовіліся адказаць на пытаньне, колькі на сёньняшні дзень у бальніцах знаходзіцца супрацоўнікаў міліцыі, якія пацярпелі падчас акцыі апазыцыі.

Без адказу засталася просьба пацьвердзіць або абвергнуць інфармацыю СМІ аб тым, што міліцыянты ў грамадзянскай вопратцы, якія знаходзіліся сярод удзельнікаў, пацярпелі ад сваіх жа калегаў, дастаўленых у Менск зь іншых рэгіёнаў.

Нагадаем, напярэдадні акцыі 19 сьнежня Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) заклікала кіраўніка МУС Анатоля Куляшова, начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі Яўгена Палудня і камандуючага ўнутранымі войскамі Валерыя Гайдукевіча "зьвярнуць асаблівую ўвагу" на захаваньне супрацоўнікамі міліцыі правоў журналістаў падчас прэзыдэнцкіх выбараў.

Нягледзячы на гэта, у ходзе акцыі пацярпелі як беларускія журналісты, так і супрацоўнікі замежных СМІ, афіцыйна акрэдытаваныя ў Беларусі. Больш за 20 журналістаў былі затрыманыя, яшчэ столькі ж — жорстка зьбітыя супрацоўнікамі міліцыі.

Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі рашуча асудзілі дзеяньні праваахоўных органаў у дачыненьні да журналістаў. "Мы асуджаем рэпрэсіі і арышты шэрагу журналістаў. Прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка не павінен заахвочваць гэтую відавочную цэнзуру і гвалт супраць журналістаў. Мы заклікаем неадкладна вызваліць затрыманых. Прымяненьне сілы павінна быць расьсьледаванае, і вінаватыя ў гэтым павінны панесьці пакараньне", — гаворыцца ў заяве міжнароднага Камітэту абароны журналістаў.

Арганізацыя "Рэпарцёры бязь межаў" запатрабавала вызваленьня затрыманых журналістаў, а таксама заклікала ўрады Расеі і краін ЭЗ, усе эўрапейскія і міжнародныя інстытуты "аказаць разнастайны ціск на беларускія ўлады для таго, каб рэпрэсіі ў дачыненьні да журналістаў спыніліся".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG