Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Пабітыя правакатарамі ад спэцслужбаў дзьверы ня вартыя пабітых галоў”



Вядомыя расейскія і беларускія музыкі заклікаюць улады адпусьціць усіх затрыманых падчас мірнай акцыі пратэсту 19 сьнежня ў Менску. Пра гэта гаворыцца ў іх адкрытым звароце да ўладаў Беларусі.


"19 сьнежня 2010 году ў Менску прайшла мірная акцыя пратэсту. Зьбірацца разам і чакаць вынікаў выбараў — гэта сусьветная практыка. Гэта права грамадзянаў выказаць свой пратэст і права на свабоду сходаў", — гаворыцца ў звароце.

Музыкі асуджаюць "брутальны разгон, прымяненьне сілы супраць мірных грамадзян і кандыдатаў у прэзыдэнты, а таксама іх наступныя затрыманьні". "Дзьверы, пабітыя правакатарамі ад спэцслужбаў, ня вартыя пабітых галоў! Дзеяньні міліцыі маглі прывесьці да забойства мірных грамадзян!" — пішуць музыкі.

Яны заклікаюць улады адпусьціць затрыманых. "Мы ганарымся людзьмі, якія адстойваюць свае правы і не баяцца адкрыта выказваць свае погляды", — гаворыцца ў звароце.

Пасланьне падпісалі Сяргей Міхалок і гурт "Ляпіс Трубяцкой", Юры Шаўчук і гурт "ДДТ", Аляксандар "Чача" Іваноў, лідэр гурта "НАИВ" Іван Аляксееў, больш вядомы публіцы як NOIZE MC, гурт "Элизиум", Дзьмітры "Сід" Сьпірын і гурт "Тараканы!".

Акрамя гэтага, беларускі музыка Лявон Вольскі заклікаў усіх вядомых творчых людзей павіншаваць тых, хто ў выніку акцыі 19 сьнежня знаходзіцца ў зьняволеньні, з Калядамі і Новым годам. "У Беларусі напярэдадні Калядаў і Новага году шмат людзей апынуліся ў месцах пазбаўленьня волі. Яны былі арыштаваныя за ўдзел у акцыі пратэсту ў Менску. Ім наканавана правесьці Каляды і Новы год за кратамі.

Гэта нявесела. Таму давайце трохі размалюем іх шэрыя будні", — заклікае Вольскі.

Ён прапанаваў вядомым людзям выбраць чалавека, якому яны напішуць, і даслаць затрыманым калядныя паштоўкі і віншаваньні. "Давайце павіншуем нашых зьняволеных сьветла, радасна і зь верай у лепшае", — заклікаў Вольскі.

Праваабарончы цэнтар "Вясна" вітаў ініцыятыву рок-музыкі і прапанаваў далучыцца да гэтай віншавальнай акцыі ўсім неабыякавым людзям. На сайце spring96.org разьмешчаны сьпіс асуджаных, які пастаянна абнаўляецца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG