Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Такой ілжы мы ня ведалі ніколі ў гісторыі, нават пры бальшавіках. Здаецца, што ўсё грамадзтва пагрузілася ў яе ліпкую твань. Ілгуць усюды: ва ўладзе, на тэлебачаньні і радыё, у КГБ і міліцыі, у ЦВК і на выбарах, у ахове здароўя і ў друку, у юстыцыі і судах. Ілгуць цынічна і нахабна, не міргаючы і гледзячы ў вочы.

У сьвеце хлусьні чалавек траціць арыентацыю. Гэта якраз тое, чаго ніяк ня могуць зразумець людзі з Захаду, трапляючы на Ўсход. Нядаўна заходнія журналісты (што былі сьведкамі пабіцьця народу на плошчы Незалежнасьці ў Менску) перажылі цывілізацыйны шок, паслухаўшы на прэс-канфэрэнцыі галоўнага арганізатара і заказчыка гэтага злачынства, які выступіў у ролі абвінаваўцы. Тут якраз здарыўся той выпадак, калі заходнікі, якія былі там і самы бачылі тую рэчаіснасьць, пачулі на канфэрэнцыі перакручаны яе камэнтар у вульгарнай фразэалёгіі.

Фантан неадэкватнай некантраляванай хлусьні – гэта вынік скрыўленьня душы
З “шоку” яны, відаць, яшчэ доўга ня выйдуць. Хаця сутнасьць зьявы вядомая. Фантан неадэкватнай некантраляванай хлусьні – гэта вынік скрыўленьня душы, псыхічнае збачэнства кшталту клептаманіі. Асоба, якую апанавала хлусаманія, ня можа не хлусіць, пра што б яна ні казала. У пабытовых дачыненьнях чалавек, што залежны ад хлусаманіі, траціць усялякую павагу ў асяродзьдзі. Аднак ён ня здатны ўплываць на сваё асяродзьдзе. Калі ж такі суб’ект узносіцца на вяршыню некантраляванай аўтарытарнай улады (рэдкі выпадак), то хлусіць пачынае ўся ўлада. Яе хлусьня ўплывае на здароўе грамадзтва.

Увесь інтэрнэтны сьвет дакумэнтальна ў відэазапісах убачыў бандыцкае нападзеньне спэцназу на Ўладзімера Някляева ў час выбарчай кампаніі, бачылі ягоны цяжкі непрытомны стан, пабітую галаву і твар. І вось характэрны прыклад публічнай хлусаманіі:
“Міліцыя зьбіла Някляева, ай-яй-яй, ай-яй-яй! – іранізуе Лукашэнка. – Я знаходжу міністра аховы здароўя Жарко ўначы, кажу: “Васіль Іванавіч, я цябе пераканаўча прашу, пракантралюй, акажыце дапамогу. Ты ж разумееш, што смуроду столькі, што далей няма куды”. Ён мне кажа: “Ды супакойцеся вы, там драпіна на патыліцы і сіняк пад вокам...” Някляеў ірвецца на плошчу, бо там безь яго ўжо дзеляць уладу. Падзеі на плошчы скончыліся. Сабралі кансыліюм, яго накіроўваюць на амбуляторнае лячэньне. Тэлефануе мне міністар і кажа: “Ды мы яго са шпіталю вытурыць ня можам. Пад дзьвюма коўдрамі схаваўся”. Знайшоў там адстойнічак, дзе вырашыў ціхенька адляжацца. Ня выйдзе!”

Да сёньняшняга дня (чацьвер, 23 сьнежня) невядома, што зь Някляевым, ці жывы ён і дзе ён знаходзіцца
Ноччу з 19 на 20 сьнежня сем замаскаваных асобаў у чорным уварваліся ў палату рэанімацыі шпіталю хуткай дапамогі, дзе пад кропельніцай ляжаў зьбіты паэт Някляеў, вырвалі катэтары, кінулі паэта на бальнічную коўдру і павалаклі на ёй прэч. Да сёньняшняга дня (чацьвер, 23 сьнежня) невядома, што зь Някляевым, ці жывы ён і дзе ён знаходзіцца.

Чарговы лгун рэжыму міністар унутраных спраў А. Куляшоў 22 сьнежня сказаў наступнае: “Затрыманыя былыя кандыдаты ў прэзыдэнты Андрэй Саньнікаў і Ўладзімер Някляеў абсалютна здаровыя, абсалютна нармальна, камфортна сябе адчуваюць... і знаходзяцца ў адпаведных месцах”.

Наступны хлус паведаміў, што “адпаведнае месца” – гэта турма КГБ. І што быццам бы Някляеў там. Ускосна яно нібыта пацьвердзілася. Затрыманыя, якім рэжым заплянаваў “прышыць” крымінал, сапраўды знаходзяцца ў КГБ. Зь некаторымі ўжо бачыліся адвакаты.

Але ніхто ня бачыў Някляева, ніхто ня ўзяў яму перадачы, не дапусьцілі адваката. Той, хто ведае манеры лукашысцкага рэжыму і Лукашэнкі, разумее злавеснасьць такога становішча.

Беларусы мусяць дазнацца, дзе знаходзіцца выкрадзены рэжымам наш знакаміты паэт Уладзімер Някляеў. Яго ніхто не арыштоўваў. Супраць яго былі выкананыя крымінальныя дзеяньні: напад, зьбіцьцё і выкраданьне.

Мы памятаем, як (па-мэдыцынску) зьнішчылі ў шпіталі ў Бараўлянах вялікага Васіля Быкава.
Дзе Някляеў?
Гэтае пытаньне – усім уладным хлусам. Дзе паэт? У мяне падазрэньне, што тут нешта ня проста так. Мы памятаем, як (па-мэдыцынску) зьнішчылі ў шпіталі ў Бараўлянах вялікага Васіля Быкава. Калі з паэтам што здарыцца, то вы, хлусы, усёй вашай чорнай крывёй ня змыеце ягоную кроў!

Эўропа, якая падрыхтавалася цалавацца з мужланам (нават абдымкі раскрыла), здаецца, ужо апамяталася, хоць ніхто там не пасыпае галавы попелам. Чарга за Расеяй, што ў апошні момант адбіла “любоўнічка” ў Эўропы. Беларусам ужо надакучыла гэтая палітычная геапрастытуцыя з Усходу і Захаду. Надакучылі гэтыя бруд, блуд, гвалт і хлусьня. Нам трэба самым наводзіць парадак у сваім доме.

18 сьнежня быў закладзены Рух “За новыя выбары без Лукашэнкі”. Працэс толькі пачынаецца. Трэба ўключацца ў гэтую справу. Але найпершая задача – гэта вызваленьне ўсіх арыштаваных у час пабоішча, арганізаванага рэжымам 19 сьнежня ў Менску, і прыцягненьне да крымінальнай адказнасьці правакатараў ды рэжымных арганізатараў пабіцьця людзей.

Фактаў дастаткова. Ёсьць фатаграфіі правакатараў і аўдыязапісы іхных перамоваў па рацыі са спэцназам. Крымінальную справу трэба будзе заводзіць, але на лаве падсудных павінны сядзець ня тыя, каго зьбілі, а тыя, хто зьбіваў людзей, хто дэманстратыўна разьбіваў вокны ў Доме ўраду.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG